Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч 3 мая накіраваў у Генеральную пракуратуру заяву з патрабаваннем прызнаць расійскі байкерскі клуб «Начныя ваўкі» экстрэмісцкай арганізацыяй.

Падставай для заявы, паведамляе прэс-служба партыі, сталі нядаўнія выказванні лідара маскоўскіх «Начных ваўкоў» Аляксандра Залдастанава, які 30 красавіка знаходзіўся ў Беларусі. Ён заявіў, што «Беларусь — гэта Расія».

Янукевіч просіць генеральнага пракурора ў мэтах выканання закона «Аб процідзеянні экстрэмізму» звярнуцца ў Вярхоўны суд з заявай аб прызнанні «Начных ваўкоў» экстрэмісцкай арганізацыяй і забараніць іх дзейнасць на тэрыторыі Беларусі.

«Нахабная заява Залдастанава відавочна скіравана на непрызнанне Рэспублікі Беларусь як незалежнай дзяржавы і мае на мэце падрыў тэрытарыяльнай цэласнасці нашай дзяржавы, — лічыць Янукевіч. — Заканадаўства пра барацьбу з экстрэмізмам, якое акурат нядаўна было значна ўдасканалена, мае на мэце барацьбу менавіта з падобнымі пагрозамі і заклікамі. У нашых дзяржаўных структураў цяпер ёсць выдатная магчымасць прадэманстраваць, што новыя заканадаўчыя нормы пра супрацьдзеянне экстрэмізму насамрэч будуць выкарыстоўвацца ў адпаведнасці з задэклараванымі мэтамі абароны нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі. Мы звяртаем увагу пракуратуры не толькі на сам змест заявы, але і на тое, што яна была зроблена кіраўніком арганізацыі, якая актыўна і дзейсна падтрымлівала сепаратызм ва Украіне, а цяпер стварыла некалькі аддзяленняў у Беларусі (ёсць як зарэгістраваныя арганізацыі, так і незарэгістраваныя філіялы)».

Янукевіч таксама падкрэсліў, што заявы Залдастанава «могуць быць сведчаннем стварэння ідэалагічнага падмурку для падрыхтоўкі гібрыднай вайны супраць Беларусі».

Нагадаем, матацыклісты клуба «Начныя ваўкі» здзяйсняюць мотапрабег «Дарогі Перамогі — на Берлін». У мінулыя выхадныя некалькі з іх не змаглі перасячы беларуска-польскую мяжу. Як заявіў на брыфінгу прэс-сакратар мясцовага аддзялення памежаховы ў Цярэспалі Дарыюш Сяніцкі, было адмоўлена ва ўездзе сямі матацыклістам. «Прычына адмовы — пагроза для грамадскага парадку і бяспекі дзяржавы», — паведаміў прэс-сакратар. Аднак частка ўдзельнікаў мотапрабегу трапілі ў Еўропу, нягледзячы на забарону Польшчы. Пра гэта паведаміў 2 мая кіраўнік прабегу Андрэй Баброўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?