Абломкі карабля, на якім знакаміты брытанскі мараплавец Джэймс Кук здзяйсняў у ХVIII стагоддзі плаванне да берагоў Аўстраліі, імаверна, знаходзяцца на дне гавані Ньюпорта (штат Род-Айлэнд). Паводле інфармацыі прадстаўніка групы падводных археолагаў, гэта адзін з пяці брытанскіх караблёў, затопленых у гэтай гавані ў 1778 годзе ў ходзе амерыканскай вайны за незалежнасць.

Копія карабля «Індэвар», фота Reuters

Копія карабля «Індэвар», фота Reuters

Раней падводныя археолагі, якія займаюцца абследаваннем гавані, знайшлі абломкі чатырох караблёў. У гэтых раёнах ужо праведзена картаграфаванне. Аднак новыя дадзеныя паказваюць, што, імаверна, у гавані былі затопленыя пяць караблёў і існуе імавернасць у 80-100%, што гэта ваенны транспарт «Лорд Сэндвіч», які раней зваўся «Індэвар» і плаваў пад камандаваннем капітана Джэймса Кука.

На працягу наступнага этапу падводных археалагічных даследаванняў спатрэбіцца значна больш дакладнае вывучэнне як абломкаў караблёў, так і архіўных дакументаў.

Капітан Джэймс Кук (1728-1779), які камандаваў трохмачтавым баркам «Індэвар», у 1768-1771 гадах у ходзе кругасветнага падарожжа пабываў на Таіці, ля ўсходняга ўзбярэжжа Аўстраліі, даследаваў Вялікі Бар'ерны рыф, пабываў у Новай Зеландыі, дзе праліў, які падзяляе дзве выспы, быў названы яго імем. Пазней «Індэвар» быў перайменаваны ў «Лорд Сэндвіч» і выкарыстоўваўся для перавозкі брытанскіх войскаў у перыяд вайны амерыканскіх калоній за незалежнасць. У жніўні 1778 года камандуючы брытанскімі сіламі ў Паўночнай Амерыцы прыняў рашэнне затапіць караблі, каб блакаваць гавань Ньюпорта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?