Шчымлівы момант здарыўся пасля прэм’еры «Дзвюх душаў». Радзім Гарэцкі, пляменнік расстралянага саветамі класіка беларускай літаратуры, выйшаў на сцэну, каб падарыць вялікі букет чырвоных ружаў рэжысёру спектакля, мастацкаму кіраўніку тэатра імя Янкі Купалы Мікалаю Пінігіну.

Я сядзеў у 8-м шэрагу, а ў 7-м, злева ад мяне і проста перад першым рэдактарам адноўленай «Нашай Нівы» Сяргеем Дубаўцом, глядзела спектакль віцэ-прэм’ерка Качанава, прызначаная ва ўрад, як расказаў сам Аляксандр Лукашэнка, па рэкамендацыі спецслужбаў. Яна выглядала трохі напружанай падчас першай дзеі. Апладзіравала разам з усімі, але ўслухоўвалася ў сцэны з лёгкай падазронасцю.

«Дзве душы» Гарэцкага — гэта геніяльная мова, геніяльны сацыяльны аналіз і абсалютна геніяльны сюжэт. Усё гэта было напісана класікам па свежых слядах па-мастацку пераасэнсаваных падзей — у 1919 годзе.

Частку рукапіса сканфіскавалі польскія акупанты ў часе аднаго з ператрусаў у рэдакцыі «Беларускай думкі». Параза беларускіх спробаў збудаваць сваю незалежную дзяржаву спыніла работу Гарэцкага над «Дзвюма душамі». Дапісаць аповесць Гарэцкаму не давялося. У 1923 годзе ён вярнуўся ў БССР, дзе абяцалі будаваць Беларускую дзяржаву. Гэта быў вялікі сталінскі падман. У 1930 Гарэцкага арыштуюць. У 1938 — расстраляюць. Сама аповесць да 1990-х была забароненая камуністамі.

Ніякі іншы твор так не надаецца на «дадумванне» сцэнарыстамі і рэжысёрамі, як «Дзве душы». Гэта інтрыга з «адкрытым канцом». Вось як ты гэта сабе ўяўляеш, так і развівай.

Сюжэт Гарэцкага

Беларусь часоў Багушэвіча. Пад Крупкамі жыве сярэдняй рукі пан Абдзіраловіч. Ён вяртаецца з жонкай з балю ў суседзяў. На начной дарозе яго пераймаюць ворагі. Хочуць забіць яго, а трапляюць калом у скроню жонцы.

Сіратою застаецца немаўля Ігналік. Абдзіраловіч бярэ яму за няньку сялянку Маланню, у якой сваё малое. І тая, хочучы лепшай, панскай долі свайму сыну Васільку, падмяняе яго са шляхцянём.

Першая сусветная вайна, рэвалюцыя. Паранены прапаршчык Ігнат Абдзіраловіч лечыцца ў Маскве і сустракае свайго малочнага брата Васілька. Талковы хлопец, той працуе на фабрыцы і актыўнічае ў бальшавіках.

На Каўказскіх Мінеральных Водах Абдзіраловіч знаёміцца з дачкой мільянера-беларуса, які разбагацеў на ваенных пастаўках. За яе сэрца ён змагаецца з іншым багатым беларусам, князем Гальшанскім. Параза ў гэтым змаганні пакідае балючы след у ягонай душы.

Вярнуўшыся ў Беларусь, Абдзіраловіч дазнаецца, што мужыкі сплюндравалі іх маёнтак, а ягоны бацька схаваўся. Між тым Абдзіраловіч сутыкаецца з беларускімі агітатарамі і настаўнікамі-адраджэнцамі, у ліку якіх і ягоныя даўнія знаёмыя. Беларускай актывісткай стала і яго першае каханне.

У Маскве ён трапляе ў вір баёў між юнкерамі і бальшавікамі. Але, галоўнае, Малання перад смерцю прызнаецца яму, што гэта ён — сялянскі сын. «Мой ты!.. Мой родны сынок… А Васілёк — панскі. Перамяніла я вас маленькіх, пераклала. Меркувала: шчаслівейшы так будзеш…».

Малання падмяніла дзяцей і ўсё жыццё пакутавала, што мала бачыць роднага сына.

Малання падмяніла дзяцей і ўсё жыццё пакутавала, што мала бачыць роднага сына.

Да сэрца Абдзіраловіча гэтае адкрыццё ішло некалькі месяцаў… І апынуўся ён у віры падпольнага змагання за Беларусь і бясчынстваў бальшавікоў на ёй. А яму за каго быць? За паноў ці за мужыкоў? За беларусаў ці за саюз? І сам хто ён — пан ці мужык? У чым праўда? І ці трэба расказаць Васілю пра апошнія словы яго — сваёй — маці? Абдзіраловіч яшчэ не мае пэўных адказаў на гэтыя пытанні, але ён цвёрда бачыць, у чым няма праўды: у асцервяненні, катаванні людзей, забойствах.

Агент белых (Ігар Сігоў) вылівае душу Ігнату Абдзіраловічу.

Агент белых (Ігар Сігоў) вылівае душу Ігнату Абдзіраловічу.

Сваю эвалюцыю перажывае і Васілёк. Прыродныя сумленнасць і дабрыня не дазваляюць яму прыняць зверствы паплечнікаў-бальшавікоў. Гэта такі ўмоўны будучы наркам Прышчэпаў, можна так меркаваць…

Выдатна глядзіцца ў ролі Васіля малады купалавец Іван Кушнярук (злева). Магчыма, загарыцца новая зорка.

Выдатна глядзіцца ў ролі Васіля малады купалавец Іван Кушнярук (злева). Магчыма, загарыцца новая зорка.

Рукапіс «Дзвюх душ» абрываецца на сцэне пахавання крывавага чэкіста, забітага рукою такога ж крывавага агента белых.

Пасля пахавання Гаршчка далей будуць толькі расстрэлы.

Пасля пахавання Гаршчка далей будуць толькі расстрэлы.

А Абдзіраловіч пакутуе ад няздольнасці хоць неяк супрацьстаяць гэтаму цунамі крывавага вар’яцтва, што праносіцца па Беларусі туды і сюды.

І вось тут пара сказаць, што не зусім як у Гарэцкага ў спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра.

Па-руску і па-беларуску

Мінеральныя Воды, сходка вайскоўцаў-беларусаў. У Гарэцкага князь Гальшанскі прамаўляе на ёй па-расейску. І гэта кантрастуе з Абдзіраловічам, што гаворыць да салдатаў на роднай мове, якая ўсплывае яму ў памяці.

Пінігін пабаяўся ўкласці рускую мову ў вусны адмоўнага героя, пабаяўся.

Увогуле, парыўны выступ Абдзіраловіча на тым мітынгу важны для разумення ягонай натуры. У ім ёсць пачуцце справядлівасці, у ім ёсць і палітычныя перакананні. Гэта не апалітычны Пячорын.

Інцэстуальны матыў

Абдзіраловіч у маладосці кахаў Іру, дачку ляснічага, але тая не адказала ўзаемнасцю, бо не верыла, што Ігнат пераступіць праз класавую рысу. Калі ісці за логікай сюжэту, акурат-такі доля судзіць ім сысціся.

У Пінігіна ж Іра аказваецца дачкой Маланні. Такім чынам, іх каханне азначала інцэст.

Па-мойму, такія хады ў духу найноўшай брытанскай версіі Шэрлака Холмса зусім чужыя, неўласцівыя Гарэцкаму. Ён быў натуралістам, перажыў уплывы Заля, але гэта быў зусім іншы натуралізм.

«Сьвядомыя»

На маю думку, самы ганебны момант у пастаноўцы — гэта сцэна дуэлі агітатараў у часе выбараў ва Устаноўчы сход.

Словы, прыпісаныя агітатару за беларускі спіс у дадатак да тэксту Гарэцкага, робяць яго камічным, адарваным ад народа. Гэта не адраджэнец Гарэцкага, гэта «сьвядомы», далёкі ад народа лузер-фантазёр з палітычных пасквіляў нядаўнага часу.

Між тым Гарэцкі бачыць памылкі радыкала Сухавея, але не падпісвае яму прысуду. «Старэйшыя людзі, дзядзькі і цёткі, ветліва і ўважна слухалі хлапца, таксама і частка моладзі». І толькі калі моцныя гаспадары разышліся па дамах, «беларуская старана, што была за вучня, аслабела» на мітынгу.

Па-мойму, выразная цэнзура не зашкодзіла ідэйнай цэльнасці «Пана Тадэвуша». А самацэнзура «Дзве душы» падкалечыла.

«Рускі»

«Рускі» — іншы геніяльны сюжэт класіка, над экранізацыяй якога даўно задумваўся Віктар Аслюк. Аўтары сцэнічнай адаптацыі, Максім Клімковіч і Уладзіслаў Ахроменка, тлумачаць устаўку гэтай сцэны ў п’есу тым, што хацелі ёй праілюстраваць фразу Абдзіраловіча: «Я атупеў на гэтай вайне». «Каб паказаць гэтую атупеласць, мы і ўставілі «Рускага» — на мой погляд, найлепшае апавяданне Гарэцкага. А тое, што беларус забівае ўкраінца… А хіба не тое ж самае адбываецца сёння на Данбасе? Беларусы там ваююць з абодвух бакоў», — кажа Клімковіч.

Сюжэт «Рускага»: беларус з расійскай арміі сутыкаецца з украінцам з арміі Аўстра-Венгрыі.

Сюжэт «Рускага»: беларус з расійскай арміі сутыкаецца з украінцам з арміі Аўстра-Венгрыі.

Але на сцэне, калі салдат без патрэбы забівае выпадкова спатканага ўкраінца з аўстрыйскай арміі, ён выглядае, хутчэй, такім вобразам цёмнай масы народнай, масы жорсткай, драпежнай, ірацыянальнай. Гэта ён будзе бунтаваць у вёсцы, гэта ён будзе вартавым у бальшавіцкай турме. І гэта ён таксама паляжа расстраляны ў Курапатах урэшце.

Відэаграфіка, Падаляка, паўлінкаўшчына

Відэаграфіка цудоўная. Як і ў «Пану Тадэвушу», яна стварае дадатковае вымярэнне.

Раман Падаляка: гэтаму патэнцыйна найглыбокаму акцёру Пінігін шукае ягоную ролю, ягоны канфлікт, дзе б ён быў самім сабой. Можа быць, Гамлет будзе ягонай вяршыняй? Падаляка-Абдзіраловіч ніякі. Ён ходзіць па сцэне і сузірае. Так, Абдзіраловіч Гарэцкага «назіральнік і слухальнік». Але Абдзіраловіч Гарэцкага праходзіць складаную эвалюцыю — не толькі пад уплывам таго, што даведаўся пра сваю насамрэч сялянскую кроў. Ён зазнае і магутны ўплыў думаючай, адраджэнскай моладзі, з якой сутыкнуўся. Ён і сам думаючы ад прыроды.

Вобразы жанчын карыкатурызаваныя. Маланка ў маладосці — гэта не дурнічка. А Іраіда — увогуле рэжысёрскі правал. Няможна ў «Дзвюх душах» іграць у манеры «Паўлінкі». Калі гэта рашэнне рэжысёра — незалік яму. А калі гэта прадукт нашай сцэнічнай школы, то прыкра гэта.

Гарэцкі — глыбакаводная рыба, «Дзве душы» не церпяць вадэвілізацыі.

Генезіс і экзістэнцыйнае

Шляхецка-сялянскія супярэчнасці маюць мала значэння ў наш час.

Падзел на каталікоў і праваслаўных таксама страціў актуальнасць.

Як па мне, гэтага ў спектаклі замнога, і гэта перабівае, забівае і тое напружана-экзістэнцыйнае, што ёсць у аповесці Гарэцкага, і тыя спробы Гарэцкага стварыць генезіс сацыяльнага канфлікту, перакрыжаванага з нацыянальным абуджэннем, і прасачыць лёс чалавека на іх фоне.

Табу на барацьбу

Тэма сацыяльнай барацьбы ўвогуле слаба даецца цяперашняму афіцыйнаму беларускаму тэатру. У Оперы паставілі «Сівую легенду» — праўда, чужаніца ставіў, які не разумее нашай гісторыі, дык у гэтым Караткевічавым творы цалкам вычысцілі лінію сацыяльна-класавай барацьбы, пакінулі толькі каханне. І такім інвалідам аднаногім выпусцілі на сцэну.

Пінігін не бярэ на сябе смеласць дадумаць развіццё сюжэта (на маю думку, у дадзеным выпадку гэта самацэнзура вялікага рэжысёра). Пінігін абрывае твор там, дзе ён абрываецца. Далей ідуць толькі расстрэлы.

Расстрэльваюць і самога Гарэцкага, апавядальніка з вясёлымі вачыма, што катаў па сцэне сваю гулагаўскую тачку (выдатная рэжысёрская знаходка).

Гэты спектакль пастаўлены для міністра Шуневіча — заўзятага тэатрала і аматара мундзіраў НКВД адначасова.

Віцэ-прэм’ерка Качанава апладзіравала разам з усімі. У перапынку яна падыходзіла да акадэміка Гарэцкага і яны размаўлялі…

У «Дзвюх душах» Гарэцкі вывеў вобразы інтэлігентаў-адраджэнцаў з высокімі помысламі.

У «Дзвюх душах» Гарэцкі вывеў вобразы інтэлігентаў-адраджэнцаў з высокімі помысламі.

А куды яны ідуць?

Выйшаў выразна антыбальшавіцкі спектакль, чарговы спектакль пра Расстралянае Адраджэнне. 

Але не выйшаў спектакль пра пошук беларусам сябе і пошук чалавекам сябе — пошук, у якім Максім Гарэцкі выразна салідарызаваўся са «свядомымі» Міколам Канцавым, Ірай Сакавічанкай і Васілём, з усімі «свядомымі» незалежна ад іх ідэалагічных поглядаў, ды ідэнтыфікаваў сябе з імі.

Кроў, паходжанне — умоўнасць. Любоў — не ўмоўнасць. І Радзіма, да якой мы нясём у сабе любоў таксама, не ўмоўнасць. І, пры ўсёй складанасці жыццёвых лёсаў, дабро і зло — не адносныя паняцці. Вось адназначныя ідэі Гарэцкага.

* * *

Канечне прачытайце аповесць «Дзве душы».

Канечне схадзіце на «Дзве душы» ў тэатр, не пашкадуеце.

Гэта безумоўна нацыянальны тэатр, рэфлексійны тэатр, і гэта відовішча. Сяргей Дубавец прызнаўся ў фэйсбуку, што ён тройчы плакаў на спектаклі.

«Дзве душы» Гарэцкага належаць да таго тыпу матэрыялу, у якога, у адрозненне ад «Паўлінкі», не можа быць кананічнай інтэрпрэтацыі. І сапраўдны пераемнік Пінігіна народзіцца тады, калі нехта тут і цяпер паставіць свае «Дзве душы» інакш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?