«Розум дадзены чалавеку на тое, каб ён разумна жыў, а не на тое толькі, каб ён бачыў, што ён неразумна жыве», — пісаў у свой час рускі публіцыст В.Р. Бялінскі. Але ж…

Нягледзячы на тысячы паведамленняў ажно ад XVIII стагоддзя бясспрэчных доказаў толькі згубнага ўплыву на нашае здароўе курэння тытуню, многія людзі яго кураць. У гэтай непатрэбнай і шкоднай звычцы жыхары Беларусі — амаль што «лідары» ў Еўропе. Між тым, нагадваю, нашае здароўе на чвэрць залежыць ад стану навакольнага асяроддзя, у першую чаргу — паветра.

Курцы шкоду прычыняюць не толькі сабе, але і здароўю людзей, якія непасрэдна жывуць і працуюць разам з імі.

Зразумела, нельга курцам забараніць курыць, бо кожны сам гаспадар свайму здароўю, але ж яны не павінны пазбаўляць некурыльцаў магчымасці дыхаць чыстым паветрам. Ужо ўвесь свет усвядоміў, што на карысць усяго грамадства падобную цягу курцоў неабходна абмяжоўваць. У большасці краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі з гэтай мэтай прынятыя і рэгулярна прымаюцца ўсё больш жорсткія абмежаванні курцоў пры энергічнай падтрымцы падобных мер насельніцтвам. У гэтым плане здзіўляюць і абураюць нейкія няўпэўненасць і асцярожнасць улад нашай рэспублікі. Хоць па гэтай праблеме ўжо добрых 10 гадоў гаворкі, толькі ў апошнія 1—2 гады былі прынятыя сціпленькія паўмеры па абмежаванні курэння ў грамадскіх месцах на ўзроўні некалькіх гарадоў. Да гэтай пары не з’явілася ніякай усеагульнай, рэспубліканскай, пастановы або ўказа па «абмежаванні неспрыяльнага ўздзеяння тытунекурэння». На тое заўсёды знаходзяцца «важкія» прычыны і абставіны.

Нарколагі ўпэўненыя, што 7 з 10 заядлых курцоў здольныя пазбавіцца ад гэтай згубнай для сябе і шкоднай усяму грамадству звычкі, калі далікатна павышаць іх свядомасць і дасведчанасць. Пакуль жа, як адзначыў эканаміст Міхась Залескі, у Беларусі «сярэдняя сям’я выдаткоўвае на цыгарэты і алкаголь грошай болей, чым на здароўе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?