Калі я прачытаў у газеце, што трэнеру зборнай па футболе паложаны аклад у 240 тысяч даляраў на год, то ў мяне вочы акругліліся. Вось гэта заробак! Нават трэнер палякаў мае на 40 тысяч даляраў менш. А зборная Польшчы — двухразовы бронзавы прызёр чэмпіянатаў свету, яна абыгрывала і Бразілію, і Англію, і іншыя моцныя каманды.

Возьмем апошнія дзве гульні нашай зборнай. Ну, мусіць, ніколі нашы не выйграюць у армян на іх полі ў Ерэване: не такі характар у іх, каб засмучаць сваіх заўзятараў.

А ў Чарнагорыі? Толькі два ўдары ў стойку варот выратавалі беларусаў ад смутнай паразы. І не віна тут Хацкевіча, што так гуляе зборная. Бо Беларусь не футбольная дзяржава. І месца яе ў сусветным рэйтынгу ў восьмай дзясятцы — заслужанае.

Так, у нас былі добрыя гульцы: Малафееў, Зарэмба, Алейнікаў, Глеб і іншыя. Але гэта былі адзінкі на фоне сярэдняй гульні зборнай. Такія факты футбольнага жыцця. А па гульні і заробак павінен быць.

У гэтым годзе вышэйшую лігу «раздзьмулі» да 16-ці каманд. Хіба ў нас насельніцтва 80 мільёнаў, як у Германіі? Футбольныя функцыянеры паціраюць рукі: будуць высокія заработныя стаўкі, трэнеры будуць вандраваць з каманды ў каманду і абяцаць залатыя медалі ўсім ахвотным.

Аднаму сталічнаму трэнеру ў горадзе Брэсце нават не так даўно падарылі кватэру: бяры, нам не шкада, толькі выручай. Не выручыў.

Сёння толькі і размоваў, што аб эканоміі, аб здаровым сэнсе. На маю думку, хопіць беларусам і васьмі каманд у вышэйшай лізе. Ну хто навядзе парадак у футбольнай гаспадарцы краіны? Алімпійскі камітэт?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?