Я, як і ўвесь народ, горача ўхваляю, падзяляю і выказваю захапленне. Я — не экстрэміст, не апартуніст, не пятая калона і нават не настаўнік. Абход сем’яў вучняў ухваляю асабліва:

8:00 — 14:00 — урокі, І змена;
14:00 — 16:00 — факультатывы, гурткі;
14:00 — 16:00 — урокі, ІІ змена;
19:20— 22:00 — пакватэрны аб’езд з мэтай выяўлення і азнаямлення.

А далей што? Ды нічога! Да 23:15 дадому дабярэшся. Нехта вельмі мудры не ўлічыў, што Мінск — гэта не вёска Карзюкі, на 28 двароў. Вучні з сем’ямі месцяцца ў Нью-Сухараве, на вуліцы Прытыцкага, дзе ўжо пасля 165-га дома ў бінокль добра можна разгледзець Астравецкую АЭС, якая будуецца, і ўскрайкі Гродна. А катэджы ў Лос-Самахвалавічах ці Калодзішчах-сіці? Бацькі за 35 хвілін дамчаць дзетак на сваіх іншамарках.

У мяне ўсё жыццё красці няма чаго: крэйда, дошка, ануча, купка амаль што геніяльных дзяцей… І ўсё! Не, я радуюся разам з усімі: найлепшае надвор’е, найлепшая школа (як і ўся адукацыя), найлепшыя ў свеце эскулапы, якія не бяруць на лапу, пяшчотная, поўная любасці міліцыя — не спрачаюся!

Але… Забаў і разнастайнасці ў горадзе малавата! Прапаную: катанне на запражках, запрэжаных настаўнікамі. Бясплатна. На ўцеху дзеткам і іх бацькам. З настаўнікаў — адлічэнне па 5% з заробку на мерапрыемства. Застаяліся ў стойле. Час прыспеў адпрацаваць агульнадзяржаўны клопат!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?