Пераехалі мы пажыць на дачу жончыных сваякоў. 

Карацей, там я сутыкнуўся не толькі з новымі сценачкамі і кардынатамі на глобусе, але і з новымі суседзямі. Жончынымі. 

У прынцыпе, нічога асаблівага і страшнага, акрамя «Цёці Жанны». А вось цёця Жана калі не перакуліла мой свет, то, прынамсі, многае мне патлумачыла сваім фактам наяўнасці. Не пра сябе, а наогул. Пра тое, як яно усё круціцца ў жыцці. Жывапісую.

Прыехалі мы ў сырасць і дубак. Выцягнулі з машыны шмоткі і барахло, растусавалі барахло і пачалі абжывацца. Інакш кажучы, снаваць. Разграбаць заваленую кладоўку, паліць смецце, прыбіраць.

За ўсім гэтым з зараснікаў назірала Цёця Жанна. Зараснікі — гэта яе участак. Яна там жыве. Сярод хмызу, кветак, дрэваў і катоў. Чатырох штук. Аддзяліць катоў ад дрэваў і Цёці Жанны не так і проста. Яны ўступілі ў дыфузію, узаемапраніклі і цяпер маналіт. Каты — яе любоў і жарсць. Яны тусяць і тут і там, а па начах яна іх выклікае свістам. Такім пранізлівым, што час ад часу і я таксама прыўстаю з ложка.

Жанна на дачы жыве цэлы год. Нават зімой. Не толькі без цэнтралізаванага газу і тубзіка, але і без вады. Бюджэт яе складаецца са здачы вялікай кватэры недалёка ад цэнтра і пенсіі. Пры ўсёй сваёй візуальнай занядбанасці і спартанстве, Цёця Жанна збіраецца «купіць добры аўтамабіль». Яна так сказала. І я веру ёй.

Я думаю, што наш прыезд прыездам называў я, а Цёця Жанна — ніспасланнем. Недзе праз дваццаць хвілін ад пачатку снавання яна перайшла рубікон водаправоднай трубы паміж участкамі і правяла бліц-апытанне, ці надоўга мы і наогул «чо як». 

Дарэчы, маці жонкі папярэджвала нас пра небяспеку ўступлення з Цёцяй Жанай у кантакт, але практычнымі парадамі супрацьдзеяння не падзялілася за адсутнасцю такіх. Заклінала «ад граху з ёй не размаўляць» І на гэтым — усё.

Мы, вядома, не паслухаліся і цяпер я магу сказаць, што з сапраўднай радасцю мяне за жыццё віталі толькі дзве істоты: мой сабака і Цёця Жанна.

Як толькі яна пабачыла, што я падключыў ваду да рукамыйніка, то радасна заявіла, «а можна я ў вас цяпер буду пасудку мыць?» І высветлілася, што ніякіх лагічных аргументаў для таго каб адмовіць зычліваму і лагоднаму чалавеку мыць у тваім рукамыйніку «пасудку», не існуе.

Пасля пры дапамозе мяне Жанна разабрала мэблю, якую мы збіраліся паліць і выкідваць на карысныя кампаненты. Я старанна выкручваў вінцікі, вычляняў палічкі і стальніцы і ўсё складаваў у зручным для Цёці Жанны месцы. За гэта Цёця Жанна расказвала мне апошнія чуткі с.т. «Лясное» і пра сваіх сваякоў, якіх моцна сапсавала кватэрнае пытанне.

Пасля цёця Жана накіравалася да жонкі і спытала (у яе), ці не збіраюся я (я) падключаць душ. Пачуўшы, што збіраюся, сказала, што Кацін дзед у свой час падключаў душ адразу на два ўчасткі і што было б няблага, калі б і я неяк разабраўся, як яе вадыфікаваць. 

Пачуўшы, што мяне чакае, я паглыбіўся ў пакос з галавою, думаючы пра тое, як бы гэта мне сімуляваць кому. Апавясціўшы жонку, Жанна падпільнавала мяне каля кампоставай ямы, у якую я выносіў скошаную траву і зрабіла ход, які шмат чаго мне растлумачыў у сутнасці узаемадачынення нашай дзяржавы і падшэфнага народу. 

Карацей, Жанна сказала: «Ах, які ж ты работнік! Малайчынка. Участак косіш. А я тую траву, якую ты ў яму выкідваеш, бачыш, рукамі разраўняла, а то яна горкай была. Цяжка мне было, глыбокая яма».

— Цёця Жана, я ж для гэтага граблі вынес. Я бы грабелькамі траву разгрэб. У яме. Гэта вельмі зручна і лёгка».

Цёця Жанна паглядзела на мяне з крыўдай і сказала, што рукамі лепей і што, у кожным разе, трава ўжо раскідана. Карацей, пастка захлопнулася.

Я адчуў, што справа ідзе да падключэння Жаннінага душа, але тут, на шчасце, мне патэлефанавалі і я звінціў. Вінціў і думаў, якая яна, суседка, геніяльная і хтанічная.

З дзяржавачкай жа тое самае. Дзяржава робіць нейкую нікому непатрэбную херню максімальна скдладаным і дарагім спосабам, дэманструючы тытанічны клопат пра народ. Імітуе дзейнасць, якая дзейнасцю не з'яўляецца. Імітуе медыцыну і адукацыю, імітуе палітыку і сацыяльныя праграмы — у імя народу. А пасля ў гэтага народу прасіць існую дробязь: бабла, галасоў і г.д. Паслаць якую-небудзь храновіну на саміт ААН (ад імя народа) ці зладзіць супольныя ваенныя вучэнні з Расіяй «супраць НАТА» ці марсіян. І паказаць па целеку, як яны для нас там паляць жыццё і здароўе. Каб мы адчулі віну і што «а мы ў гэты час, сука, п'ём гарбату з брынзаю».

А калі я гляджу на Цёцю Жанну, я бачу тое ж, што і калі гляджу на нашага містара Лука Парэя. У іх вачах адлюстроўваюся не я. Замест мяне там матычка. Ці грабелькі. Ці сякера-тупіца.

Карацей, ад Цёці Жанны я ціха шыфруюся трэці дзень. І ад цябе, Аляксанрыгорыч, як-небудзь зашыфруюся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?