kommersant.ru

kommersant.ru

«У сувязі з наяўнасцю запазычанасці з боку газазабеспячальных арганізацый Рэспублікі Беларусь па аплаце пастаўленага прыроднага газу ААТ «Газпром трансгаз Беларусь» абараняе свае інтарэсы ў адпаведнасці з умовамі заключаных дагавораў», — паведамілі БелаПАН у службе па сувязях з грамадскасцю і СМІ арганізацыі.

Пры гэтым прадстаўнікі беларускага даччынага прадпрыемства «Газпрома» не ўдакладняюць, калі была пададзеная іскавая заява і які аб'ём запазычанасці.

У арбітражным судзе пры БелГПП адмовіліся каментаваць інфармацыю, паколькі суд у сваёй працы «карыстаецца прынцыпам прыватнасці».

Як паведамлялася раней, 3 мая віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка паведаміў журналістам: «Здаецца, «Газпром трансгаз Беларусь» падаў у арбітражны суд пры БелГПП, бо лічыць, што яны (аблгазы) некалькі недаплачваюць за той газ, які мы атрымліваем з 1 студзеня бягучага года».

Паводле яго слоў, беларускія галіновыя арганізацыі лічаць, што яны плацяць за газ «абсалютна правільна і карэктна». Сярод аргументаў на іх карысць віцэ-прэм'ер назваў цэлую сістэму пагадненняў на ўзроўні ўрадаў Беларусі і Расіі аб доступе да паслуг пэўных манаполій, падпісаных у 2011 годзе. Акрамя таго, паводле слоў Сямашкі, парадак фарміравання цэн пры пастаўках прыроднага газу ў Беларусь вызначаны і пагадненнем ад 29 мая 2014 года аб Еўразійскім эканамічным саюзе. «Там усё дакладна распісана, яны зараз разбіраюцца», — паведаміў намеснік прэм'ер-міністра.

«Гэта адносіны нашых суб'ектаў гаспадарання. Мы лічым, што з 1 студзеня 2016 года мы маем падставы, каб нашы суб'екты гаспадарання мелі больш нізкую цану, чым аб'яўляе суб'ект гаспадарання Беларусі са статусам замежнага прадпрыемства (ААТ «Газпром трансгаз Беларусь»)», — заявіў Сямашка.

***

Раней таксама паведамлялася, што беларускія ўлады вядуць перамовы з Расіяй, дамагаючыся зніжэння цаны на імпартаваны газ. У красавіку міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак заявіў журналістам, што не бачыць падстаў для змены пагаднення з Беларуссю аб цане на газ, які пастаўляецца, «Газпром» таксама лічыць немэтазгодным зніжаць цану на газ для нашай краіны.

Праблема з неплацяжамі за пастаўленыя рэсурсы, у тым ліку прыродны газ, неаднаразова ўзнімалася беларускім Мінэнерга. Як паведамляў у лютым міністр Уладзімір Патупчык, запазычанасць прадпрыемстваў перад энергетыкамі і газавікамі на той момант складала 600 млн. долараў ЗША. Паводле даных на канец 2015 года аб'ём недаплаты складаў каля 5 трлн. рублёў. «Гэта значыць, што ў нас гэтых грошай няма і нам трэба дзесьці іх узяць. А з «Газпромам» мы разлічваемся па факце: месяц праходзіць, мы выбралі аб'ём газу, мы павінны да 20-га чысла разлічыцца. Гэтых грошай няма. Што рабіць? Трэба браць крэдыт», — зазначаў намеснік міністра Вадзім Закрэўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?