Лідар беларускай біятлоннай зборнай, алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава не знаходзіцца на службе ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі. Пра гэта 4 мая паведаміў начальнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын, каментуючы інфармацыю, якая з'явілася ў СМІ напярэдадні, аб тым, што спартсменка з'яўляецца старшым лейтэнантам Камітэта дзяржбяспекі.

Паведамленні аб службе Домрачавай у КДБ з'явіліся са спасылкай на сайт БФСТ «Дынама», членам якога з'яўляецца славутая біятланістка. У кароткай біяграфіі Домрачавай, размешчанай на гэтым рэсурсе, згадвалася: «Праходзіць службу ў СК КДБ Рэспубліка Беларусь, ст. лейтэнант». Блізу вечара 3 мая інфармацыя была выдаленая з сайта «Дынама». Як растлумачылі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў БФСТ, гэта было зроблена ў сувязі з тым, што звесткі састарэлі, «і Домрачава ужо не з'яўляецца членам СК КДБ».

«Да чэрвеня 2014 года Домрачава знаходзілася на службе ў КДБ, але ў гэты момант Дар'я Уладзіміраўна не з'яўляецца супрацоўнікам ведамства», — растлумачыў Пабяржын. Звестак пра тое, у якім званні Домрачава знаходзілася на службе і з-за якіх прычын пакінула КДБ, у прэс-службе камітэта не маюць.

На пытанне, хто з іншых вядомых беларускіх спартсменаў знаходзіцца на службе ў КДБ, Пабяржын адказаў: «На жаль, мы не можам распаўсюджваць гэтую інфармацыю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?