Галоўнае ўпраўленне па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта Беларусі завяршыла расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да намесніка міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова, службовай асобе выстаўленае абвінавачанне ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Увогуле па гэтай крымінальнай справе прыцягнутыя шэсць чалавек, у дачыненні да трох з іх крымінальны пераслед спынены з прычыны амністыі.

Устаноўлена, што адно з прадпрыемстваў сістэмы Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі не выканала дзяржаўную навукова-тэхнічную праграму ў частцы заданняў па распрацоўцы і асваенні вытворчасці тэхналагічнага абсталявання. Па названых заданнях без фактычнага выканання работ у 2013 годзе залішне і неабгрунтавана выдаткаваныя сродкі рэспубліканскага бюджэту — 861 млн рублёў.

Намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі, жадаючы схаваць факты неэфектыўнага і нямэтавага выкарыстання бюджэтных сродкаў і прычынення шкоды дзяржаўнай маёмасці, а таксама недастатковы кантроль за ходам рэалізацыі дзяржпраграмы, арганізаваў складанне і падпісанне заведама фальшывых дакументаў аб выкананні праграмы. Гэта дазволіла ўтаіць факты невыканання работ і неабходнасць вяртання грашовых сродкаў, выкарыстаных з парушэннем заканадаўства.

Падчас следства ўсе абвінавачаныя цалкам прызналі сваю віну, раскаяліся ў зробленым і поўнасцю кампенсавалі прычыненую шкоду.

Крымінальная справа ў дачыненні да трох абвінавачаных перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?