Зэльвенскім раённым аддзелам Следчага камітэта распачатая крымінальная справа па факце крадзяжу ахвяраваных вернікамі ювелірных вырабаў з праваслаўнай царквы ў вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна.

Царква ў Сынкавічах. Фота Юліі Бальцэвіч

Царква ў Сынкавічах. Фота Юліі Бальцэвіч

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч, ноччу 4 мая, вырваўшы аконныя краты і абясточыўшы ахоўную сігналізацыю, у царкву Святога Міхаіла праніклі невядомыя ў масках. Разбіўшы ахоўнае шкло на іконе Божай Маці «Усецарыца», выкралі ахвяраваныя вернікамі ювелірныя вырабы і ўцяклі.

З удзелам следчых абласнога ўпраўлення СК зроблены агляд месца здарэння. Выяўленыя і канфіскаваныя рэчавыя доказы, прызначаныя неабходныя экспертызы. Вывучаюцца запісы з устаноўленых у царкве камер відэаназірання. Высвятляецца колькасць і кошт выкрадзеных вырабаў.

Абраз Божай Маці «Усецарыца», а таксама іншыя прадметы рэлігійнага прызначэння не апаганеныя.

Следчыя дапытваюць жыхароў вёскі Сынкавічы, вернікаў царквы, усталёўваюць асоб, якія маглі стаць сведкамі крадзяжу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?