Інвалід-вазочнік Аляксандр Аўдзевіч з Ліды збіраецца праехаць сваім ходам праз усе Злучаныя Штаты Амерыкі ад Нью-Ёрка да Сан-Францыска. Для гэтых мэтаў ён замовіў унікальны турыстычны хэндбайк.

З дня на дзень з Аўстрыі для лідскага хлопца даставяць унікальны хэндбайк — гэта ровар, які ў рух прыводзіцца сілай рук.

«Замаўляў яго ў Еўропе, у кампаніі, якая спецыялізуецца на вытворчасці хэндбайкаў для спартсменаў. Зрэшты, мая замова для іх была ўнікальнай, бо трэба было вырашыць нямала пытанняў: хэндбайк абсталяваны адмысловымі мацаваннямі для намёта, рыштунку і калыскі. Плюс, рабілі яго з улікам анатамічных асаблівасцяў седака», — распавёў Аляксандр Аўдзевіч.

Ідэя здзейсніць падарожжа даўжынёй у некалькі тысяч кіламетраў нарадзілася пасля леташняй паездкі хлопца да Балтыйскага мора. Тады ён на хэндбайку больш простай мадэлі пераадолеў больш за 500 км.

«Грошы на паездку збіраў на краўдфандынгавай пляцоўцы, акрамя таго, спонсарамі падарожжаў выступілі два прадпрыемствы, адно з якіх размешчана ў Лідзе. Адна з мэтаў паездкі — паказаць іншым людзям, што рух, паездкі могуць зрабіць жыццё больш разнастайным, не важна, якім чынам ты падарожнічаеш», — адзначыў Аляксандр Аўдзевіч. Падарожжа даўжынёй у 10 тыс. км, паводле яго слоў, можа расцягнуцца на 3-4 месяцы. У дзень падарожнік плануе пераадольваць па 60-70 км. Начаваць збіраецца ў намёце, хоць, падкрэслівае, ёсць нямала ахвотных дапамагчы ў шляху, якія даведаліся пра падарожжа з інтэрнэту.

Для 31-гадовага маладога чалавека тэма рэабілітацыі і адаптацыі інвалідаў вельмі блізкая. Ён некалькі гадоў узначальвае Лідскую міжраённую арганізацыю інвалідаў-вазочнікаў. Аляксандр Аўдзевіч падкрэслівае, што ўдалося знайсці паразуменне з мясцовымі ўладамі з нагоды стварэння інфраструктуры для інвалідаў: адмысловымі пад'ёмнікамі і пандусамі абсталяваныя крамы, сацыяльныя аб'екты і нават спартыўны комплекс.

Вярнуўшыся з падарожжа, Аляксандр плануе ажыццявіць з дапамогай уладаў і спонсараў адну з самых маштабных сваіх ідэй: зрабіць на базе Ліды горад, прывабны для турыстаў-вазочнікаў з усёй неабходнай інфраструктурай і рэабілітацыйным цэнтрам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?