Штогод у наступны чацьвер пасьля Вялікадня ў вёсцы Аброва Івацэвіцкага раёну адбываецца абрад «Намскі Вялікдзень». Гэты абрад занесены ў сьпіс нематэрыяльных каштоўнасьцяў Беларусі.

Карэспандэнт Свабоды пабываў у Аброве ды паглядзеў, як адбываецца гэтая ўрачыстасьць, характэрная яшчэ для некаторых мясьцінаў Палесься.

Чаму «Намскі»? Жыхары Аброва тлумачаць гэтае слова як «наш», «нам дадзены». У іншых беларускіх вёсках гэтае сьвята завецца «Наўскі Вялікдзень», ад слова «наўе», «навец» — душа нябожчыка. «Наўскі Вялікдзень», кажуць сяляне, — гэта Вялікдзень для памерлых.

У Аброве абрад пачынаецца з таго, што сьвятар адчыняе царкву, куды прыходзяць у асноўным жанчыны сталага веку. Жанчыны бяруць ікону, агорнутую ў вышываны рушнік, і хросным ходам абыходзяць вакол царквы, сьпяваючы рэлігійныя песьні.

На пачатку абраду жанчыны сталага веку зьбіраюцца ў царкве

На пачатку абраду жанчыны сталага веку зьбіраюцца ў царкве

Жанчыны выносяць ікону Багародзіцы, агорнутую ў рушнік

Жанчыны выносяць ікону Багародзіцы, агорнутую ў рушнік

Тым часам у вёсцы з шмат якіх хат выходзяць аброўцы і стаўляюць каля сваіх варотаў сталы, на якіх — пачастунак для ўдзельнікаў абраду. Як правіла, гэта булкі зь печы, велікодныя яйкі, могуць быць іншыя вясковыя прысмакі. Таксама на стол кладуць і грашовае ахвяраваньне на патрэбы царквы.

Жыхары Аброва выносяць сталы, каб сустракаць хросны ход

Жыхары Аброва выносяць сталы, каб сустракаць хросны ход

Удзельнікі працэсіі падыходзяць да кожнага стала, бацюшка чытае ўрыўкі зь Бібліі, акрапляе гаспадароў, якія яго сустракаюць, сьвятою вадою ды віншуе са сьвятам. Ззаду працэсіі ідуць жанчыны, якія забіраюць са стала пачастунак ды дзякуюць гаспадарам. Як кажуць удзельніцы абраду, пасьля сьвятар разьмяркуе пачастунак — частка яго пойдзе дзецям.

Сьвятар чытае ўрыўкі зь Бібліі

Сьвятар чытае ўрыўкі зь Бібліі

Аўтамабілі не абганяюць працэсію, рухаюцца ціхенька ззаду, а сустрэчныя стаяць, пакуль удзельнікі абраду не падыдуць да чарговай хаты. Спыняюцца нават пажарныя машыны.

Сустракаючы шэсьце, аброўцы схіляюць галовы пад Біблію, калі сьвятар чытае ўрыўкі зь яе

Сустракаючы шэсьце, аброўцы схіляюць галовы пад Біблію, калі сьвятар чытае ўрыўкі зь яе

Аброва — досыць вялікая вёска, тут жыве больш за тысячу чалавек. Сталоў уздоўж вуліц выстаўляецца вельмі шмат, спыніцца працэсія мусіць каля кожнага. Таму, кажуць, часам абыход вёскі можа скончыцца і а 22-й гадзіне. Жанчыны, якія нясуць ікону, замяняюць адна адну, калі каторая стоміцца.

Жанчыны, якія нясуць ікону, пэрыядычна мяняюцца, бо шэсьце часам доўжыцца да позьняга вечара

Жанчыны, якія нясуць ікону, пэрыядычна мяняюцца, бо шэсьце часам доўжыцца да позьняга вечара

Акрамя гаспадароў, сустракаюць хросны ход і прадавачкі каля дзьвюх аброўскіх крамаў, і працаўнікі сельскага дому культуры.

Нават прадавачкі з крамаў перапыняюць працу і сустракаюць працэсію

Нават прадавачкі з крамаў перапыняюць працу і сустракаюць працэсію

У поўным складзе выходзяць выхаванцы дзіцячага садку разам са сваімі выхавацелямі і школьнікі разам з настаўнікамі.

Выхаванцы дзіцячага садку сустракаюць «Намскі Вялікдзень»

Выхаванцы дзіцячага садку сустракаюць «Намскі Вялікдзень»

Перапынілі заняткі і аброўскія школьнікі

Перапынілі заняткі і аброўскія школьнікі

«Толькі працаўнікі канторы ніколі не выходзяць, — кажа аброўскі сьвятар, — а так, канечне, усе арганізацыі».

Некаторыя аброўцы кажуць, што ў цяперашнім выглядзе «Намскі вялікдзень» зьявіўся ў 1920-я, калі, паводле паданьня, у вёсцы ад невядомай хваробы штодня паміралі дзеці. Старыя аброўцы падказалі тады, як адвесьці бяду — сабраліся жанчыны ды за ноч саткалі ручнік, якім ахінулі абраз Багародзіцы. З гэтым абразом абышлі кожны двор вёскі, і дзеці перасталі паміраць.

Пасьля гэтага штогод аброўцы ходзяць з такім шэсьцем у наступны чацьвер пасьля Вялікадня.

У цяперашнім выглядзе абрад перапыняў сваё існаваньне ў савецкія часы і быў адноўлены ў 90-х. Зрэшты, старажылы кажуць, што «Намскі Вялікдзень» адзначалі нават у савецкія атэістычныя часы, толькі патаемна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?