У Міністэрстве энергетыкі Беларусі паведамілі, што пры будаўніцтве БелАЭС у Астраўцы адбылося частковае пашкоджанне падтрымліваючых канструкцый апалубкі аднаго з падсобных памяшканняў, а не «апорнай канструкцыі будучага будынка кантролю ядзернай бяспекі». Пра гэта гаворыцца ў заяве ведамства.

Фота Аляксандра Васюковіча, Tut.by

Фота Аляксандра Васюковіча, Tut.by

У Мінэнерга зазначылі, што ў размешчанай на сайце belsat.eu інфармацыі, верагодна, ідзе гаворка аб выпадку, што адбыўся 8 красавіка 2016 года, калі пры ўкладцы бетону аднаго з перакрыццяў бытавых і падсобных памяшканняў адбылося частковае пашкоджанне падтрымліваючых канструкцый апалубкі.

«Дадзены выпадак разглядаецца як дэфект пры падрыхтоўчых працах, наступствы якога былі ліквідаваны ў поўнай адпаведнасці з дзеючымі пры будаўніцтве рэгламентамі і тэхналогіяй. Дэфект быў ліквідаваны, блок перакрыцця падрыхтаваны да бетанавання і здадзены камісіі ў адпаведнасці з тэхнічнымі патрабаваннямі», — адзначылі ў ведамстве.

У гэтай сувязі ў Мінэнерга асабліва падкрэслілі, што «пашкоджанняў і разбурэнняў канструктываў, прынятых заказчыкам, на аб'ектах Беларускай АЭС за ўвесь час будаўніцтва не было».

У Мінэнерга таксама адзначылі, што для забеспячэння якасці будаўніча-мантажных работ на Беларускай АЭС пастаянна ажыццяўляецца будаўнічы кантроль, а таксама пастаянна вядзецца дзяржаўны нагляд з боку наглядных органаў — Дзяржбуднагляду Дзяржстандарту і Дзяржатамнагляду МНС.

Нагадаем, 5 мая міністэрства замежных спраў Літвы выклікала пасла Беларусі і ўручыла яму ноту датычна магчымага інцыдэнту на размешчанай у 50 км ад Вільні Астравецкай атамнай электрастанцыі. Падставай для гэтага стала інфармацыя тэлеканала «Белсат». У матэрыяле тэлеканала паведамлялася, што рабочы з атамнай станцыі ў Астраўцы паведаміў пра абвальванне бетоннай канструкцыі ў сярэдзіне красавіка «на пляцоўцы паміж двума рэактарамі». Прадстаўнікі БелАЭС назвалі гэта паведамленне «поўнай лухтой».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?