Праваабаронца Андрэй Палуда днямі атрымаў адказ з Міністэрства інфармацыі на свой зварот да Ліліі Ананіч па факце парушэння прэзумпцыі невінаватасці вядучым тэлеканала АНТ у дачыненні да абвінавачанага па справе Юліі Балыкінай.
Міністэрства інфармацыі пагадзілася з довадамі праваабаронцы пра недапушчальнасць парушэння правоў і свабодаў асобаў з боку СМІ. І адрэагавала такім чынам, што ў ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» з усімі журналістамі дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання, а таксама супрацоўнікамі, адказнымі за падрыхтоўку і выпуск інфармацыйных матэрыялаў, была праведзена дадатковая тлумачальная гутарка.
Нагадаем, у скарзе Андрэй Палуда прасіў вынесці папярэджанне тэлеканалу «АНТ» і правесці гутарку.
«Відаць, «паўнамоцтваў» Міністэрства інфармацыі хапіла толькі на тое, каб правесці паўторную гутарку з прадстаўнікамі дзяржаўнага тэлеканала», - заключае праваабаронца.
І звяртае ўвагу, што такі падыход з боку Міністэрства можна ахарактарызаваць як выбарачны, бо вядомы выпадкі, калі незалежным СМІ неаднойчы выносіліся папярэджанні за недакладнасці ў інфармацыі. Так, напрыклад, 2 сакавіка 2016 года Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовыя папярэджанні уладальнікам інфармацыйных рэсурсаў Ej.by і NN.by.
6 красавіка на тэлеканале АНТ у выпуску навін выйшаў сюжэт, падчас якога вядучы заявіў: «Закончено расследование громкого дела, убийцу легкоатлетки Юлии Балыкиной могут приговорить к исключительной мере наказания, сегодня об этом сообщили в Следственном комитете. Доказано, что мужчина находился под воздействием наркотиков, и в ссоре 12 раз ударил спортсменку молотком и т.д.».
Такім чынам, затрыманы прадстаўлены з самога пачатку як злачынца, нягледзячы на тое, што пакуль невядома, якое рашэнне вынясе судовая інстанцыя.