На сустрэчы, у якой узялі ўдзел кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, член арганізацыі Наста Лойка і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда, абмяркоўвалася сітуацыя вакол смяротных прысудаў у Беларусі.

Як паведамлялася раней, 6 мая стала вядома пра першае сёлета выкананне смяротнага прысуду — у дачыненні да жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова. У сакавіку 2015 года ён быў прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве знаёмай дзяўчыны і прыгавораны да расстрэлу.

Таксама 6 мая Вярхоўны суд пакінуў у сіле смяротны прысуд жыхару Мінскага раёна Сяргею Хмялеўскаму. У лютым 2016 года ён быў прызнаны вінаватым у забойстве трох чалавек і прыгавораны да выключнай меры пакарання.

Паводле звестак праваабаронцаў, пакарання зараз таксама чакаюць Іван Кулеш (жорсткае забойства трох чалавек) і Генадзь Якавіцкі (жорсткае забойства аднаго чалавека). Прысуды аб выключнай меры пакарання ў дачыненні да іх набылі законную моц.

Беларусь застаецца адзінай у Еўропе краінай, дзе да гэтага часу прымяняецца смяротнае пакаранне. З моманту атрымання краінай незалежнасці да расстрэлу былі прыгавораныя больш за 400 чалавек, Аляксандр Лукашэнка памілаваў з іх ліку толькі аднаго асуджанага. Пасля вынясення кожнага смяротнага прысуду Савет Еўропы, Еўрасаюз і праваабарончыя арганізацыі традыцыйна заклікаюць беларускія ўлады адмовіцца ад прымянення смяротнага пакарання і абвясціць мараторый на гэты від пакарання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?