Кліп Сяргея Шнурава і гурту «Ленінград» пад назвай «В Питере — пить» папрасілі праверыць на прапаганду алкагалізму, хуліганства і гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў улады, паведамляе РІА Навіны.

На кліп, у якім паказана, як жыхары Пецярбурга выпіваюць пасля працы, паскардзіўся ў пракуратуру дэпутат заканадаўчага сходу Пецярбурга Яўген Марчанка.

На яго думку, песня і кліп ганьбяць Санкт-Пецярбург і пры гэтым знаходзяцца ў адкрытым доступе, што дае нават дзецям магчымасць яго глядзець.

На думку дэпутата, выхад відэа напярэдадні Вялікадня — «гэта плявок у твар усім вернікам», а незадоўга да 9 Мая — гэта «абраза ўсіх ветэранаў».

Парламентарыя падтрымалі грамадскія дзеячы. Гаворка ідзе пра прадстаўнікоў Рады ветэранаў Выбаргскага раёна Пецярбурга, Таварыства жыхароў блакаднага Ленінграда муніцыпальнага ўтварэння Шувалава-Азяркі, Выбаргскую мясцовую арганізацыю Усерасійскага таварыства інвалідаў, Фонд дапамогі ветэранам спорту, сілавых структур і членам іх сем'яў «Адраджэнне», выбаргскае аддзяленне пецярбургскага Таварыства малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, а таксама дабрачынны фонд «Праваслаўная Русь».

Пры гэтым дэпутат заканадаўчага сходу Максім Рэзнік і Камітэт па турызме Санкт-Пецярбурга лічаць, што песня дапамагае прывабліваць у Пецярбург турыстаў.

Яўген Марчанка летам 2015 года, у разгар турыстычнага сезона, прапаноўваў пазбавіць расейцаў магчымасці адпачываць у Турцыі, Егіпце, Тайландзе. А ў снежні таго ж года — забараніць святкаваць Новы год праз пагрозу тэрактаў.

Аналагічную думку мае і дэпутат Дзярждумы ад КПРФ Валерый Рашкін, які падаў скаргу ў Раскамнагляд.

Рашкін назваў новы ролік «Ленінграда» зробленым «без таленту» і «нашпігаваным матам». Ён заявіў, што кліп ганьбіць расійскую культуру, традыцыі і горад Санкт-Пецярбург. На думку Рашкіна, падобнае відэа не павінна транслявацца на тэлеканалах і распаўсюджвацца ў іншых СМІ.

«Ябеда», — такі лаканічны каментар пакінуў Шнураў пад фатаграфіяй з паведамленнем у сваім Instagram.

Кліп «В Питере — пить» выйшаў 30 красавіка і ўжо набраў у інтэрнэце больш за 4 млн праглядаў. Яго персанажы — таксіст, аўтаінспектар, прадаўшчыца і клерк, якія стаміліся ад працы і здымаюць стрэс на вуліцы, распіваючы спіртное.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0