Пасля леташняга абвальнага падзення цэн на нафту параўноўваць заробак беларусаў з заходнімі суседзямі стала некарэктна — лічбы адрозніваюцца ў 3—4 разы не на карысць Беларусі.

Што ж, давядзецца зазірнуць да былых знаёмых па СССР. Якія грошы зарабляюць у постсацыялістычных краінах — ад Кыргызстана да Малдовы?

Нагадаем, у сакавіку заробак у Беларусі склаў $344 «бруднымі». Тут і надалей будзем указваць лічбы да сплаты падаткаў.

Самае багатае жыццё у краінах Балтыі. Як яны ранжыруюцца між сабой?

Рэкардсмен — Эстонія. У чацвёртым квартале мінулага года тут зараблялі $1210.

Услед ідзе Латвія, дзе летась у снежні работнікам было налічана $979. А вось у Літве ў чацвёртым квартале мінулага года — $829.

Расія доўгія гады даганяла краіны Балтыі, але нафтавы крызіс істотна пагоршыў дабрабыт грамадзянаў. Цяпер у самай вялікай дзяржаве свету работнікі атрымліваюць $435. Гэта дадзеныя за люты.

Цяжка паверыць, але, паводле статыстыкі, маленькая Грузія амаль дагнала вялікую Расію! Паводле падлікаў мясцовых спецыялістаў, у чацвёртым квартале мінулага года заробак дарос да $422.

Пасля дэвальвацый казахстанскага тэнге сярэдні заробак апусціўся да $388. Гэта папярэднія падлікі за сакавік.

Раней паміж Казахстанам і Арменіяй была прорва па заробках, аднак па Арменіі нафтавы крызіс ударыў нямоцна, і курс мясцовай валюты амаль не змяняліся. У сакавіку заробак у гэтай краіне складаў $382.

А вось жыхары Азербайджана пацярпелі больш. У пачатку года сярэдні заробак складаў усяго $300, хоць раней нафтавыя грошы дазвалялі існаваць бязбедна.

Найгоршыя сярод еўрапейскай часткі былога СССР — Малдова і Украіна. Заробак у іх расце, але надзвычай павольна. У Малдове заробак складае $233 — гэта дадзеныя за люты.

Украінская эканоміка ўсё яшчэ не можа адысці ад расійскай агрэсіі на ўсходзе краіны. Сярэдні заробак у сакавіку складаў $186 (за выняткам акупаваных тэрыторый).

Дабрабыт у сярэднеазіяцкіх краінах яшчэ ніжэйшы. Статыстыка Кыргызстана паведамляе пра $174.

Афіцыйная статыстычная інфармацыя пра Узбекістан, Таджыкістан і Туркменістан не адпавядае рэчаіснасці праз існаванне чорных курсаў у краінах. Напрыклад, ва Узбекістане афіцыйны курс адрозніваецца ад рынкавага ў 2,2 разу. Падобная сітуацыя і ў суседніх краінах. Пры пераліку па рынкавым курсе сярэдні заробак у іх не перавышае $150.

* * * 

Сярэдні заробак «бруднымі» ў краінах былога СССР.

1. Эстонія — $1210

2. Латвія — $970

3. Літва — $829

4. Расія — $435

5. Грузія –- $422

6. Казахстан –- $388

7. Арменія — $382

8. Беларусь – $344

9. Азербайджан – $300

10. Малдова — $233

11. Украіна –- $186

12. Кыргызстан –- $174

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?