Прыкладны кошт рэканструкцыі будынку Пішчалаўскага замку, у народзе званага Валадаркай, складае каля 50‑70 млрд. рублёў. Пра гэта 4 траўня паведаміў журналістам міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў у часе наведаньня Мядзельшчыны.

Па словах міністра, цяпер неабходна знайсьці інвэстара, якому можна было б прадаць гэты будынак. У сваю чаргу, інвэстар павінен будзе ўзяць усе выдаткі па аднаўленьні будынку й пабудаваць узамен новы сучасны СІЗА.

«Па завяршэньні распрацоўкі канчатковага пляну рэканструкцыі будзе вырашацца пытаньне, ці будзе Пішчалаўскі замак аднаўляцца за кошт дзяржавы альбо прыватнага інвэстара», — дадаў Уладзімер Навумаў.

Міністар лічыць, што СІЗА мае быць пабудаванае за кальцавой аўтадарогай, бо «ў горадзе не павінна быць такіх устаноў». Кошт пабудовы новай турмы ацэньваецца ў $45‑50 млн.

Кажучы пра далейшы лёс Пішчалаўскага замку, Уладзімер Навумаў зазначыў, што гэта не павінна быць гасьцініца. Разам з тым, ён не ўдакладніў, якім канкрэтна яму бачыцца будучае прызначэньне адрэстаўраванага будынку.

Антон Тарас паводле БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0