У інтэрнэце з'явіліся аб'явы пра набор масоўкі для акцыі «Несмяротны полк», што мае прайсці ў Маскве на 9 мая.
Прапановы змяшчаюцца на сайце massovki.ru.
Аўтары паведамляюць, што заплоцяць па 800 рублей (каля 240 тысяч беларускіх рублёў) за ўдзел у «здымках дакументальнага кіно».
«Па сюжэце вы — удзельнік шэсця «Несмяротны полк». Усе ўдзельнікі будуць несці канструкцыі з партрэтамі. Калі ласка, разлічвайце свае магчымасці. Адзенне параднае, мусіць пасаваць да Дня Перамогі, без палосачак і гарошку», — гаворыцца таксама ў аб'яве.
Але цікава, што на тым жа самым сайце ёсць аналагічная абвестка, толькі з тым удакладненнем, што патрабуюцца «прыгожыя» і «адухаўлёныя» твары.
Людзям, што адпавядаюць гэтым крытэрыям, абяцаюць заплаціць ужо на 200 рублёў больш.
Акцыя «Несмяротны полк» — зусім нядаўняе наватарства з Расіі.
Удзельнікі гэтай акцыі па задуме мусяць несці партрэты сваіх сваякоў, што бралі ўдзел у Другой сусветнай вайне.
Летась такое шэсце прайшло ў Маскве, сярод дэманстрантаў быў і Уладзімір Пуцін.
Сёлета акцыя «Несмяротны полк» пройдзе і ў некаторых гарадах Беларусі, нават невялікіх.