Фатограф і блогер Антон Матолька ў сваім Жывым Журнале апісаў сітуацыю, у якой аказаўся грамадзянін Германіі пры выездзе з Беларусі.
Паскаля (так завуць немца) высадзілі з цягніка на беларуска-літоўскай мяжы. Сітуацыя ўскладнялася тым, што замежнік не ведае ні рускай, ні беларускай, а супрацоўнікі Памежнага камітэта не маглі нічога растлумачыць хлопцу на англійскай.
Знаёмая Паскаля змагла дазваніцца на мяжу, калі яго пратрымалі там больш за 4 гадзіны. Ёй патлумачылі, што немец не зарэгістраваўся, калі прыехаў у Беларусь, таму на яго складаецца пратакол.
«Не ўпэўнены, што пасля гэтага яму яшчэ раз захочацца прыехаць у Беларусь», — піша сяброўка немца Лія Каломенцава.
Антон Матолька ў твітары звярнуўся да прадстаўніка Памежнага камітэта, каб ён пракаментаваў інцыдэнт.
«Не варта хвалявацца, знойдуць яму перакладчыка і вызваляць. Калі грамадзянін парушыў правілы знаходжання, то аштрафуюць, і ўсё», — напісаў афіцыйны твітар Памежнага камітэта.
Далей – болей. «Усё вакол сарцір, а вы ціпа дэзік?» – напісалі Матольку ад імя Памежнага камітэта. Праз нейкі час прыйшло тлумачэнне. «Прычым «дэзік» – гэта не дэзадарант, а маленькі распаўсюднік дэзінфармацыі ў нэце», — адказалі Матольку.
Ну і вырашальным ударам па Антону Матольку быў наступны твіт ад імя Памежнага камітэта: «Калі вы такі разумны, то чаму ўсё яшчэ блогер? Ці вас не заўважаюць на асноўным месцы працы?»
На ваш погляд, ці могуць сацыяльныя сеткі дзяржаўных органаў весці ў падобнай манеры?