Пасол Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус адмовіўся ад запрашэння Міністэрства энергетыкі Беларусі наведаць будаўнічую пляцоўку Беларускай атамнай станцыі, каб асабіста пераканацца ў бяспечным правядзенні работ, паведамляе charter97 са спасылкай на агенцтва BNS.

Дыпламат заявіў, што бяспеку павінны ацэньваць эксперты. «Я адмовіўся ад прапановы, бо, па-мойму, гэтым павінны займацца эксперты», — паведаміў Ігнатавічус.

Ён падкрэсліў, што ажыццяўленне патрабаванняў па ядзернай бяспецы павінна праводзіць міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі МАГАТЭ.

Нагадаем, 5 мая Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла паслу Беларусі Аляксандру Каралю ноту з-за «магчымага інцыдэнту на размешчанай за 50 км ад Вільнюса Астравецкай атамнай электрастанцыі». «Мы адразу ж, як толькі атрымалі гэтую інфармацыю з нефармальных крыніц, сталі прымаць меры, а сёння ў міністэрства быў выкліканы пасол Беларусі, якому была ўручаная нота з патрабаваннем растлумачэнняў гэтага інцыдэнту або аварыі, аб іншых магчымых здарэннях, якія былі да гэтага, бо пра гэта пішуць беларускія СМІ», — заявіў журналістам у Вільнюсе міністр замежных спраў краіны Лінас Лінкявічус.

3 мая літоўскае знешнепалітычнае ведамства выступіла з заявай, у якой заклікала Беларусь «як мага хутчэй выканаць патрабаванні МАГАТЭ па ядзернай бяспецы».

Афіцыйны Вільнюс неаднаразова падкрэсліваў, што Літва не мае намеру купляць электраэнергію з Беларускай АЭС. З пункта гледжання літоўскага боку, будаўніцтва станцыі парушае патрабаванні Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (Канвенцыя Эспа), якая прадугледжвае ацэнку ўздзеяння аб'ектаў на навакольнае асяроддзе не толькі ўнутры краіны, але і ў сумежных краінах.

Беларуская АЭС узводзіцца ў Гродзенскай вобласці, прыкладна за 20 км ад Астраўца, паводле праекта расійскай кампаніі «Атамстройэкспарт». Генеральным праекціроўшчыкам і падрадчыкам выступае расійская кампанія ААТ «НІАЭП» — ЗАТ «АСЭ». Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2.400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока запланаваны да 2018 года, другога — да ліпеня 2020-га.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0