Напэўна, усе ўжо чулі гэтую аб’яву ў метро – пра тое, што варта начапляць новы беларускі сімвал Перамогі, кветку яблыні на чырвона-зялёнай бутаньерцы. Замяшчэнне чорна-аранжавай стужкі яблыневым кветам пачалося яшчэ ў пазамінулым годзе, але цяпер у ім абазначыўся адзін нюанс. Яблыневы квет на чырвона-зялёным фоне названы сімвалам Перамогі, якая забяспечыла Беларусі незалежнасць. Пра гэта кажуць не толькі дыктары ў метро, пра гэта напісаныя канцэптуальныя абгрунтаванні.

РСМ падрыхтаваў грунтоўны дакумент пад назвай «Канцэпцыя правядзення рэспубліканскага патрыятычнага праекта «Кветкі Вялікай Перамогі», які можа быць спампаваны па спасылцы тут. У эксплікацыі сцвярджаецца, што вобраз «адлюстроўвае (…) поспех і росквіт суверэннай дэмакратычнай Беларусі». Такім чынам, мы замяняем георгіеўскую стужку, якая была фундаваная Кацярынай II – той самай Кацярынай, якая знішчыла незалежнасць нашай краіны – на яблыневы квет на чырвона-зялёным фоне, нібыта пазбаўленым імперскіх канатацый.

Так, незалежнасць праступае ў гэтым сімвале быццам двойчы: першы раз у кантэксце свабоды ад гітлераўскай навалы, другі раз – як незалежнасць ад Кацярыны II і рускай імперыі, што ганарыцца каляровым спалучэннем, з’яўленне якога прыпадае на той самы час, калі драбілі Рэч Паспалітую.

І нездарма, здаецца, «незалежніцкі» голас загучаў у метро акурат пасля таго, як «Газпрам» агучыў намер падаць у суд на беларускія прадпрыемствы па спагнанні пазыкі.

Яны нарэшце зразумелі тое, пра што па-беларуску пісалася апошнія дзесяць гадоў. Яны спрабуюць зрабіць са свята Перамогі нацыянальны дзень памяці. І на першы погляд усё неяк атрымліваецца. Але толькі на першы погляд.

Як мы памятаем, эпідэмія георгіеўскіх стужак у Беларусі была павальнай. У 2006-2008 іх пачалі чапляць на свае карчы амаль усе: таксёры, пацаны з раёнаў, маршрутчыкі, дальнабоі, шафёры з АПК, дзядзькі на прадстаўнічых «Мэрсах». Гэта сталася стыхійнай (хай сабе і добра спланаванай РІА «Навіны», «Срэбным дажджом» і «Студэнцкай грамадой») акцыяй, цесна завязанай на памяць. Усе, хто прыгадваў Перамогу і ганарыўся ёй, а ганарыліся і прыгадвалі мільёны, бо чалавеку ў жыцці патрэбныя нагоды для гонару і радасці – чаплялі стужку як увасабленне памяці.

Што адбываецца з «Кветкамі Вялікай Перамогі»? Ці шмат вы бачылі карчоў з белымі суквеццямі? Хіба які кіроўца таксоўкі замяніў георгіеўскую стужку яблыневай?

Чырвона-зялёны квет стаў атрыбутам люду, які гоняць на мітынг ці ўрачыстасці.

Іх можна пабачыць на людзях, якія ідуць з урачыстасцяў ці святкуюць у парку пасля таго, як урачыстасці скончыліся. Іх не адразу здымае моладзь пасля таго, як заканчваюцца лінейкі. Але масавай ды стыхійнай заменай георгіеўскай стужцы сімвал не стаў.

І на маю думку гэта тлумачыцца не толькі тым, што ў краіне з такой запазычанасцю па заробках і 6% інфляцыяй па выніках трох месяцаў трэба быць супрацоўнікам гарвыканкаму, каб чапляць дзяржаўную сімволіку на люстра свайго аўтамабіля і спадзявацца, што на гэтым аўтамабілі ўдзячныя суседзі не выведуць ключом «За моцную і квітнеючую Беларусь».

На маю думку, гэтая замена Георгія не спрацоўвае таму, што яна – роўна пра тое, чым таго Георгія хочуць замяніць. І тут нам зноўку трэба вярнуцца ў самы пачатак. Ці атрымала ў 1945-м годзе Беларусь незалежнасць? Так, яе вызвалілі ад гітлераўцаў (прычым не 9 траўня, а яшчэ ў 1944-м). Але ці свабоднай яна зрабілася? Ці суверэннай? І, калі яна зрабілася свабоднай, навошта было ў 1990-м прымаць Дэкларацыю аб суверэнітэце?

Калі ж мы прызнаем, што вызвалення ад сталінізму ды савецкасці ў 1945-м годзе не адбылося, чаму сімвалам Перамогі мы абіраем чырвона-зялёны фон? Той самы, які быў дзяржаўным колерам Савецкай Беларусі?

Ці ёсць гэта сапраўдным сімвалам нашай незалежнасці, пра якую мне кажуць у метро, пра якую напісана ў «Канцэпцыі «Кветак Вялікай Перамогі»»?

То бок сапраўдная незалежнасць – гэта калі кіраўніка краіны прызначаюць у Маскве, усе дзяржаўныя выдаткі вызначаюцца ў Маскве, грошы на тэрыторыі ходзяць савецкія, адукацыя ўбудаваная ў савецкі марксісцкі адукацыйны праект – вось гэта тая незалежнасць, якую вы хочаце, каб святкаваў народ?

Расейцы, чапляючы георгіеўскія стужкі, радуюцца славе ўласнай зброі, якая перамагла турак у 1774-м. І нядзіва, што беларусы не спяшаюцца чапляць чырвона-зялёны яблыневы квет! Ён не пра нас. Сады квітнеюць не толькі ў Беларусі, само квітненне можа сімвалізаваць што заўгодна. Гэта занадта шырокі, а таму абсалютна пусты знак.

Што да бутаньеркі, то семіятычным рэферэнтам гэтага знаку з’яўляецца савецкае панаванне, дэсігнатам – каляровая сімволіка беларускай савецкай ССР. Каб выціснуць віруснае пакланенне народа чужой сімволіцы, варта прапанаваць сваё, гэткае ж віруснае. Але гэтае сваё мусіць быць не пустым, безрэферэнтным, але адсылаць да сапраўдных герояў і сапраўдных перамог.

Здаецца, Янка Маўр быў першым, што яшчэ ў 1945-м годзе звязаў супольную польска-літоўска-рускую перамогу над тэўтонцамі пад Грунвальдам з вайной з гітлераўцамі. Пра ідэйны патэнцыял Грунвальда можна прачытаць у цудоўнай кнізе Генадзя Сагановіча «Грунвальд у беларускай гісторыі: спроба разбору палітычнага міфу», якая днямі была прэзентаваная ў Вільні. Пячатка Вітаўта, зброя ягонага войска, Вітаўтавы харугвы – усё гэта магло быць цудоўным замяняльнікам чырвона-зялёнай савецкасці ды нулявых азначэнняў кветкі яблыні.

Дзед Талаш, Янка Купала, любы пазнавальны нацыянальны дзеяч ваеннай эпохі мог бы спрацаваць на суверэнныя нацыянальныя канатацыі гэтага сімвала лепей за чырвона-зялёную бутаньерку.

Мроіцца, канечне, раённы бамбіза, у якога на дваццацігадовым «Subaru Impreza» побач са «Спасибо деду за Победу» лунае вершнік, узяты з Вітаўтавай пячаткі. І ўсё гэта на бел-чырвона-белым фоне. Усведамляючы, што гэтыя мроі – пра іншую Беларусь, я не адмаўляю сабе ў асалодзе верыць, што аднойчы і я ў ёй прачнуся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?