Днямі ў «Народную волю» патэлефанаваў чытач і паведаміў: у той час як банкаўская запазычанасць кампаніі «Ростэм», уладальнікам якой з'яўляецца бізнэсмен Юрый Авяр'янаў, дасягнула 37 мільёнаў даляраў, не на ўсю яго маёмасць накладзены арышт.

— Што канкрэтна вы маеце на ўвазе? — спыталі мы.

— Палац у Крыжоўцы, што пад Мінскам.

— Палац ці звычайны дачны дом?

— Які дачны дом!.. Самы сапраўдны палац агульнай плошчай пад 900 квадратных метраў.

— А калі гэты палац, як вы называеце, запісаны не на Авяр'янава, а, скажам, на каго-небудзь з яго сваякоў?

— Які просты сваяк можа пабудаваць такую махіну? — не сунімаўся наш суразмоўца. І дадаў: — Ведаеце, за якую суму ён прадаецца? За 2 мільёны даляраў.

На такую ашаламляльную інфармацыю журналісты «Народнай Волі» не маглі не адрэагаваць. Спытаўшы ў ананімнага абанента, дзе у Крыжоўцы размяшчаецца «палац Авяр'янова», мы адправіліся па ўказаным адрасе. Першая сустрэча — з ахоўнікамі. Прыкінуўшыся пакупнікамі дарагой нерухомасці, спыталі:

— Скажыце, калі ласка: дом, які вы ахоўваеце, прадаецца?

— Так, прадаецца.

— А можна паглядзець, што ён з сябе ўяўляе?

— Вось хутка прыедзе гаспадыня з-за мяжы, тады і звяртайцеся…

— Але мы хацелі б зірнуць сёння.

— Гэта немагчыма.

Брамка, умантаваная ў суцэльны высачэзны плот, зачыніліся, а перад намі паўстала пытанне: як сфатаграфаваць «палац Авяр'янава», пра які мы даведаліся са званка чытача газеты? Не будзем раскрываць сакрэт, як гэта нам усё ж удалося зрабіць, але перад вамі, прыхільнікі «Народнай волі», здымак таго самага аб'екта, пра які нам распавёў тэлефонны суразмоўца. Мяркуючы па вонкавым выглядзе, ён сапраўды цягне на 2 мільёны даляраў. Толькі дзе знайсці такога пакупніка?

Калі палац і насамрэч належыць Юрыю Авяр'янаву, то яго продаж наўрад ці вырашыць усе яго праблемы. Вядома, што нядаўна ініцыявана працэдура прызнання эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва) групы кампаній Юрыя Авяр'янава. Перад банкамі стаіць задача спагнаць з яго не 2, а ўсе 37 мільёнаў даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?