Міністр спорту Расіі Віталь Мутко папрасіў прабачэння за допінг-скандал, у выніку якога расійскіх лёгкаатлетаў могуць не дапусціць да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра ў жніўні гэтага года.

EPA

EPA

У артыкуле, апублікаваным у брытанскай газеце Sunday Times, Мутко прызнае, што «сур'ёзныя памылкі былі дапушчаныя кіраўніцтвам Усерасійскай федэрацыі лёгкай атлетыкі (УФЛА), а таксама спартоўцамі і трэнерамі, якія парушылі антыдопінгавыя правілы і забыліся на прынцыпы сумленнай гульні, гэтак фундаментальныя для спорту, дзеля імгненнага поспеху».

«Я хачу ўнесці яснасць. Нам сорамна за іх», — заяўляе расійскі міністр спорту.

«Мы прыносім прабачэнні за тое, што атлеты, якія спрабавалі падмануць нас і ўвесь свет, не былі злоўленыя раней, — дадае Мутко. — Мы прыносім прабачэнні, таму што Расія прыхільная найвышэйшым стандартам у спорце».

Пры гэтым Віталь Мутко лічыць, што «рашэнне адхіліць расійскіх атлетаў ад удзелу ў Алімпіядзе-2016 з'яўляецца несправядлівым і непрапарцыйным пакараннем».

Ён настойвае на тым, што «атлеты, якія ніколі не спрабавалі атрымаць перавагі несумленным шляхам, з дапамогай допінгу, не павінны быць пакараныя за ўчынкі іншых», і заўважае, што «расійскія атлеты не павінны ператварыцца ў казлоў адпушчэння, калі гаворка ідзе пра глабальную праблему».

Аднак у каментары Sunday Times, які суправаджае гэтую артыкул, адзначаецца, што Мутко ўскладае віну выключна на асобных спартсменаў і трэнераў і адмаўляецца прызнаць, што да аднаго з самых маштабных допінг-скандалаў у гісторыі спорту былі датычныя і расійскія ўлады.

Між тым, піша газета, гэты скандал працягвае набіраць абароты.

Чарговы віток допінгавага скандалу адбыўся днямі, калі з'явілася інтэрв'ю былога кіраўніка маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі Рыгора Родчанкава, у якім той заявіў, што падчас Алімпіяды ў Сочы дзясяткі расійскіх спартсменаў, у тым ліку залатыя медалісты, ужывалі допінг.

Крыху раней былы супрацоўнік Расійскага антыдопінгавага агенцтва (РУСАДА) Віталь Сцяпанаў распавёў у інтэрв'ю амерыканскаму каналу Сі-бі-эс, што допінг-кантролем у Сочы кіравала ФСБ.

У мінулую пятніцу Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) заявіла, што правядзе праверку гэтых заяў, пры гэтым яго кіраўнік Крэйг Рыдзі сказаў, што не валодае інфармацыяй пра ўжыванне допінгу на Алімпійскіх гульнях у Сочы.

Віталь Мутко назваў новыя абвінавачванні былых супрацоўнікаў РУСАДА чарговымі спекуляцыямі.

У суботу ў інтэрв'ю Бі-бі-сі кіраўнік WADA выказаў меркаванне, што «вельмі малаверагодна, што РУСАДА будзе адпавядаць неабходным патрабаванням да пачатку Гульняў у Рыа».

Даклад аб выкананні Расіяй патрабаванняў Сусветнага антыдопінгавага агенцтва будзе накіраваны ў Міжнародны алімпійскі камітэт, які затым вырашыць, ці змогуць расійскія лёгкаатлеты выступіць 5-21 жніўня на летніх Гульнях, паведаміў Рыдзі.

Даклад будзе таксама накіраваны ў Міжнародную асацыяцыю лёгкаатлетычных федэрацый, якая павінна прыняць рашэнне аб зняцці дыскваліфікацыі з расійскай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?