У першым квартале з-за зніжэння цэн і попыту на сыравінныя тавары беларускі нафтавы і калійны экспарт скараціўся амаль на мільярд долараў ЗША, сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі.

Так, беларускі экспарт калійных угнаенняў у студзені—сакавіку склаў 412,4 млн долараў і знізіўся на 35,3% у грашовым (або на 224,9 млн долараў) і на 22,9% у фізічным выражэнні.

Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у студзені—сакавіку склаўся на ўзроўні 1,2 млрд долараў і знізіўся ў грашовым выражэнні ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 680,2 млн долараў, або на 36,1%. Пры гэтым у натуральным выражэнні экспарт беларускіх нафтапрадуктаў не змяніўся і склаўся на ўзроўні 4,7 млн. тон.

Варта адзначыць, што ў першым квартале Беларусь недаатрымала 60,1 млн долараў ад экспарту ўласнай нафты.

Так, у студзені—сакавіку экспарт беларускай нафты ў Германію склаў 402,5 тыс. тон на 88,3 млн долараў. У натуральным выражэнні экспарт беларускай нафты ў параўнанні з першым кварталам мінулага года не змяніўся, у вартасным — скараціўся на 40,5%.

Такім чынам, па трох вышэйназваных таварных пазіцыях (нафта, нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні) беларускі экспарт у грашовым выражэнні ў першым квартале скараціўся на 965,2 млн долараў у параўнанні з першым кварталам 2015 года.

Скарачэнне валютнай выручкі ад экспарту сыравінных тавараў эканамісты тлумачаць зніжэннем (у параўнанні з мінулым годам) попыту на сусветным рынку на калійныя ўгнаенні, а таксама падзеннем сусветных цэн на нафту.

Як паведамлялася раней, сярэдняя цана нафты маркі Urals у першым квартале 2016 года склала 32 долары за бараль і знізілася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года амаль на 40%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?