Цікавая абвестка з’явілася на сайце minsk.jobs.tut.by. Імідж студыя «Вітрын» шукае лідара палітычнай партыі. «Партыя Новая зямля — гэта першая прагрэсіўная партыя Беларусі. Яна прадстаўляе інтарэсы людзей, якія працуюць і беспрацоўных», — гаворыцца ў паведамленні.

Высветлілася, што лідара палітычнай партыі шукае піяршчык Марыя Храмцова. Яна ўжо з’яўлялася ў медыйнай прасторы летась падчас вылучэння прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду прэзідэнта. Храмцова тады «прыдумала кандыдатку» Ірыну Першыну. Храмцова тады адкрыта прызнавалася, што Першына была абраная толькі праз руды колер валасоў. У яе ініцыятыўнай групе было 100 чалавек, але ЦВК адмовіў у рэгістрацыі.

Храмцова называе тую кампанію «вывучэннем кухні палітычнага піяру». Цяпер у Марыі Храмцовай новы палітычны праект. «Мы арганізавалі партыю і для партыі нам неабходны чалавек, які будзе займаць ролю лідара. Гэта сур’ёзная ініцыятыва па ўсіх накірунках будзе весціся палітычная дзейнасць. Нам неабходны лідар, які будзе прадстаўляць інтарэсы партыі, будзе размаўляць з народам, публічна выступаць», — расказвае спадарыня Храмцова.

Яна лічыць, што шукаць палітычнага лідара праз абвестку – гэта абсалютна нармальна. «Калі чалавек валодае артыстычнымі дадзенымі, можа размаўляць з народам на адной і той жа мове, зразумелай і даступнай, то чаму не. Так робіцца заўсёды ў палітыцы».

Марыя Храмцова.

Марыя Храмцова.

«Мы не будзем дрэйфаваць у бок улады, ці апазіцыі. Мы будзем прытрымлівацца народу, прадстаўляць яго інтарэсы», — кажа піяршчыца.

У вакансіі не быў пазначаны заробак лідара. Колькі ж можа атрымліваць старшыня «Новай зямлі»? «На першым этапе заробак будзе каля 400 даляраў, пасля – болей», — прызнаецца Храмцова.

Ініцыятарка «Новай зямлі» ў курсе, што для рэгістрацыі партыі неабходна 1000 чалавек, але не бачыць у гэтым праблемы. «Лёгка сабрацца праз сацыяльныя сеткі», — упэўненая жанчына.

Марыя Храмцова яшчэ патлумачыла, чаму яна пайшла ў палітыку. «Я з’яўляюся найлепшым іміджмейкерам Еўропы і адзін з накірункаў, які я павінна засвоіць, гэта ніша палітычнага піяру».

Суполка партыі «Новая зямля» ў фэйсбуку на дадзены момант налічвае 46 чалавек. Марыя Храмцова там збольшага посціць мемы з коцікамі. Падобна, што новая спроба піяру ад Марыі Храмцовай і яе прадпрыемства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?