Начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю цэнтральнага апарату Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч узяў удзел у «круглым стале», арганізаваным газетай «Звязда». Ён выказаў сваё меркаванне пра стаўленне насельніцтва пра сілавікоў.

Прыводзім вытрымкі.

Сяргей Кабаковіч. Фота Sputnik.by.

Сяргей Кабаковіч. Фота Sputnik.by.

— Не сакрэт, што цяпер многія карыстаюцца гаджэтамі і амаль кожны лічыць сябе журналістам. Чалавек здольны зняць любыя дзеянні, выразаць іх з кантэксту і падаць інфармацыю так, як яму хочацца. Гэта не гаворыць аб тым, што ў яго прысутнічае жаданне зганьбаваць чыёсьці сумленнае імя. Гэта сведчанне, што чалавек не заўсёды суадносіць свае інтарэсы з грамадствам.

Не зусім правільна паказваць тыя ці іншыя дзеянні супрацоўніка міліцыі або расказваць пра тое, як следчы праводзіць пэўныя следчыя дзеянні.

Не заўсёды карэктна раіць Міністэрству па надзвычайных сітуацыях, як неабходна тушыць пажар. Гэтым займаюцца спецыялісты, прафесіяналы, якія вучацца доўгі час, каб дапамагаць нашым грамадзянам.

* * *

— Нам неабходна агульнымі намаганнямі пераадольваць такія тэндэнцыі, калі звычайны чалавек, тынэйджар, які лічыць сябе блогерам, прафесіяналам у медыясферы, здымае пэўныя дзеянні, а потым іх распаўсюджвае.

Прычым пад такім вастрыём, што грамадскасці гэтая інфармацыя падаецца як негатыўная. Але яны не кажуць пра тое, што малады чалавек, які адслужыў у арміі, атрымаў там спецыяльнасць, умее трымаць у руках зброю і навучаны абараняць Радзіму. Што міліцыянер, які ахоўвае грамадскі парадак на вуліцы, — той чалавек, да якога, калі нешта здарыцца, вы пабяжыце ў першую чаргу, а ён будзе вас ратаваць. Таму трэба глыбей разбірацца ў тых дзеяннях, што вакол адбываюцца.

* * *

Што тычыцца блогераў, трэба пераходзіць крыху ў іншую плоскасць. Калі расійскі блогер мае вялікую колькасць падпісчыкаў, ён павінен рэгістравацца.

І гэта правільна: блогеры ствараюць пэўную грамадскую думку, яны займаюцца распаўсюджваннем інфармацыі для неабмежаванай колькасці чытачоў, карыстальнікаў. Таму яны павінны несці за гэта такую ж адказнасць, як і зарэгістраваныя сродкі масавай інфармацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?