У расійскай «Новай газете» з’явілася вялікае раследаванне Галіны Мурсаліевай пра суіцыды сярод дзяцей і падлеткаў. Выданне кажа, што гэта абавязкова мусяць прачытаць бацькі, каб «паспець выратаваць сваіх дзяцей ад фатальнага кроку».

Выданне прааналізавала выпадкі самагубстваў сярод дзяцей і падлеткаў за апошнія паўгода ў Расіі. Журналістка прыходзіць да высновы, што вельмі часта за такімі трагічнымі выпадкамі стаяць сумнеўныя суполкі ў сацыяльнай сетцы Укантакце, дзе дзеці бавяць шмат часу.

Папулярнасць яны набылі пасля таго, як летась восенню скончыла жыццё самагубствам усурыйская школьніца Рына. Перад смерцю яна пакінула на сваёй старонцы запіс: «Ня. Пока». «Ня» — гэта такі японскі аналаг нашага «мяў».

Фактычна, Рына ператварылася ў сапраўдны інтэрнэт-мем. Многія карыстальнікі Укантакце пішуць, што захапляюцца ёй і хочуць далучыцца да яе. Смерць Рыны камерцыялізавалі, прадаюць скрыны яе перапісак ці элементы адзенння, здымаюць магілу. І ахвотныя набыць такія атрыбуты знаходзяцца.

Сімвалам самагубцаў стаў кіт, бо гэтыя жывёлы выкідваюцца на сушу. І адміны суполак пішуць кшталту: «Ведаеш ад чаго кіты выкідваюцца на бераг? Ад адчаю». Выданне папярэджвае: калі вашы дзеці малююць кітоў, гэта можа быць не так міла, як падаецца на першы погляд.

У якасці атрыбуту выкарыстоўваецца таксама кніга Стэйс Крамер «50 дзён да майго самагубства». Гэта раман з апісаннямі перажыванняў дзяўчыны-падлетка, якая вырашыла, што за 50 дзён вырашыць, ці ёй жыць, ці памерці. У руках маніпулятараў назва гэтай кнігі стала магутнай зброяй. І некаторыя ўдзельнікі такіх груп прызначаюць свае «50 дзён».

Як дзейнічаюць такія суполкі? Спачатку карыстальнік уступае ў адкрытую суполку кшталту «Море китов», дзе яму ўпарваюць думкі аб бессэнсоўнасці жыцця, аб яго недасканаласці і пра тое, што вакол усё кепска. Праз нейкі час адбываецца пераход у іншую, ужо закрытую, суполку. Потым ідзе пераход яшчэ на адзін узровень. Усе гэта ў нейкай ступені нагадвае гульню, але гульню дастаткова злавесную.

Удзельнікам прапануецца разгадваць «сэнсы» і «ісціну», праз шэраг нейкіх задачак і шарад, якія могуць быць часткова напісаныя на габрэйскай ці лаціне, разбаўленыя цытатамі пра смерць з Бібліі, Карана ці Торы, таямнічыя лічбы. Натуральна, што ніякіх глыбінных сэнсаў у такіх пасланнях няма, а ідзе затуманьванне мазгоў.

«Новая газета» піша, што на апошнім этапе і адбываецца замбаванне ўдзельнікаў на самагубствы. Прычым здарыцца яно павінна ў канкрэтны час і дзень. Фактычна некаторыя суіцыды могуць анансаваць анлайн у такіх закрытых суполках. Прычым, як тлумачаць ахвяры, выбіраюць самых «годных». Самагубствы падаюцца ў рамантызаваным і гераічным святле. Здымаюцца пастановачныя відэа, каб падмацаваць такія перакананні.

Адбываюцца такія перапіскі вельмі часта а 4:20 ночы. Дзеці звечара кладуцца спаць, аднак устаюць у гэты час, каб размаўляць са сваімі «куратарамі». У 6:00 яны зноў кладуцца ў ложак, каб бацькі ні пра што не здагадаліся.

Расійскія ўлады выдаляюць падобныя суполкі з Укантакце, але на іх месцы паўстаюць новыя. Таму змагацца з гэтай з’явай дастаткова складана.

Варта адзначыць, што частка інтэрнэт-карыстальнікаў не паставілася ўсур’ёз да інфармацыі «Новай газеты». Напрыклад, snob.ru паведамляе, што інфармацыі аб самагубствах на падобных старонках у сацсетках былі фэйкавымі і пастановачнымі. Маўляў, адміністратары груп шукалі старонкі падлеткаў, якія ўжо здзейснілі самагубствы, а пасля выдавалі гэтых людзей за ўдзельнікаў сваіх суполак.

Аўтарам «Мора кітоў» называюць Філіпа Чэлава (ён жа Філіп Ліс і Філіп Цвятанскі).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?