Выданне ўрада Расіі «Российская газета» паведаміла, што ў пятніцу Аляксандр Лукашэнка здзейсніць першы візіт у Еўрасаюз пасля зняцця санкцый. Прэс-сакратарка кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант пацвердзіла, што такая паездка сапраўды значыцца ў планах.

Мы папрасілі пракаментаваць будучы візіт польскага аналітыка з Цэнтра ўсходніх даследаванняў Каміля Клысінскага.

«Гэта натуральна, што Аляксандр Лукашэнка спрабуе ўзнавіць кантакты з Еўропай пасля зняцця санкцый менавіта з Італіі. Тут ёсць пэўныя напрацоўкі, быў візіт у 2009 годзе кіраўніка Беларусі ў Італію і Ватыкан.

Улады Італіі заўсёды вельмі прагматычна ставіліся да рэжыма Лукашэнкі. Яшчэ раз паўтару, калі пачынаць, то менавіта з Італіі, бо там беларускія аргументы могуць быць пачутыя.

Што тычыцца Ватыкана, то адносіны з каталіцкай царквой выглядаюць вельмі важнымі для Лукашэнкі. Здаецца, ён усё яшчэ разглядае Ватыкана ў ролі саюзніка падчас дыялогу з Еўропай. Не трэба адкідаць і амбіцыі Лукашэнкі, які хацеў бы зладзіць сустрэчу кіраўнікоў каталіцкай і праваслаўнай цэркваў у Беларусі.

Візіт у Італіі важны менавіта як пачатак выбудоўвання прыязных адносін з краінамі Еўропы. З гісторыі можна сказаць, што мы не ведаем, наколькі доўга можа працягнуцца такі перыяд. Шмат што будзе залежыць ад хуткіх парламенцкіх выбараў у Беларусі. Калі яны пройдуць мірна і спакойна, а ў нейкай ступені і свабодна, то такое супрацоўніцтва працягнецца. Можна сказаць, што ад выбараў залежыць, ці будзем мы надалей бачыць Лукашэнка ў еўрапейскіх салонах.

Прагназаваць наступныя візіты — няўдзячная справа. Аднак можна выказаць здагадку, што наступнай краінай Еўропы, куды можа прыехаць Лукашэнка, можа стаць Аўстрыя. Мы назіраем нарастанне інтэнсіўнасці кантактаў. Летась у Мінску было адкрыта пасольства Аўстрыі, хутка ў Вене пройдзе аўстрыйска-беларускі інвестыцыйны форум». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?