Партал tut.by звязаўся са святарамі Віцебскай епархіі Алегам Плаксіцкім і Аляксандрам Кавалёвым. 

Першы — Плаксіцкі, фігураваў у нашым нядаўнім матэрыяле пра адпраўку беларускіх школьнікаў на вайсковыя зборы ў Расію, дзе інструктарамі былі неанацысты з досведам вайны на Данбасе.

Алег Плаксіцкі. Фота са старонкі Укантакце.

Алег Плаксіцкі. Фота са старонкі Укантакце.

Другі — Кавалёў, з'яўляецца кіраўніком аддзела па працы з моладдзю Віцебскай епархіі. 

Протаіерэй Аляксандр Кавалёў.

Протаіерэй Аляксандр Кавалёў.

Журналісты Тут.бая распыталі ў іх, як жа дзеці з ваенна-патрыятычных клубаў пры праваслаўных храмах трапілі на зборы да нацыстаў.

Раней у размове з журналістам «Нашай Нівы» Кавалёў заяўляў: «мы [дзеці з «ваенна-патрыятычныя» клубы] ездзілі ў Расію, ездзім і будзем ездзіць».

Цяпер жа Кавалёў сказаў Тут.баю, што «нашыя дзеці ўжо даўно не ездзілі ні ў якія ваенна-патрыятычныя летнікі ў Расію. Проста на гэта няма грошай». 

Але ж вось аўдыёзапіс размовы Кавалёва з журналістам НН, дзе ён сцвярджае адваротнае:

Пачаў адмаўляць сваю датычнасць да сумнеўных структур і выстаўляць сустрэчныя абвінавачванні ў паклёпе і Плаксіцкі.

«Я не ведаю, хто куды каго адпраўляў. Ніякія дзеці ад царквы ў Расію не ездзілі, гэта паклёп», — сказаў журналістам Тут.бая Плаксіцкі.

Таксама іерэй сцвярджаў, што з Таццянай Гаўрылінай, нібыта, ён не мае кантактаў ужо некалькі гадоў. А арганізаваны некалі сумесна «казацкі» клуб ужо, маўляў, не існуе. Ён таксама прызнаўся, што пасля публікацый «Нашай Нівы» год назад кампетэнтныя органы, пракуратура і мясцовыя ўлады ўжо разбіраліся, ці не вядзецца ім незаконная прарасійская дзейнасць.

Але, сцвярджае Плаксіцкі, ён цяпер нічога не ведаў і не мае ніякага дачынення да Гаўрыліных і летніка баявікоў. 

Але ж нам вядомыя факты, якія вымушаюць засумнявацца ў словах Плаксіцкага.

Так, у арганізатараў збораў — карпарацыі «Е.Н.О.Т», ёсць адмыслова створаная суполка «Укантакце», дзе тыя і апублікавалі фотасправаздачу з летніка. Апроч фота з «Дзявятых Вялікодных збораў», іншых там няма. 

Створана гэтая старонка 3 сакавіка 2016 году — за два месяцы да збораў.

У ёй усяго 351 удзельнік, сярод якіх 5 беларусаў. А ўжо сярод беларусаў мы знайшлі старонку не каго другога, як святара Алега Плаксіцкага — Укантакце ён падпісаны як «Священник Олег».

Адпаведна, святар далучыўся да старонкі мерапрыемства «ЕНОТа» не раней за 3 сакавіка гэтага года. 

Гэтыя «ЕНОТы» і «Русічы» вядомыя ў вузкім коле людзей, іх інтэрнэт-старонкі непапулярныя, сярод падпісантаў збольшага прыхільнікі.

Дарэчы, сваю папярэднюю старонку Алег Плаксіцкі выдаліў, калі ў сеціве падняўся скандал вакол візіту «казакоў» у 19-ю аршанскую школу.

Тады журналісты выкрылі ягоную датычнасць да клубаў, дзе ўсім запраўлялі Гаўрыліны.

Агулам Алег Плаксіцкі вельмі актыўны «УКантакце».

За дзень ён можа публікаваць на сваёй сценцы дзясяткі допісаў.

Большасць ягоных падпісак складаюць суполкі праваслаўнай, але таксама і мілітарыстычнай тэматыкі: «РусскаЯ арміЯ», «Вежлівые люді», «Я_РУССКІЙ». 

А ў сябрах можна знайсці і сяброў «ЕНОТа», і расійскіх «казакоў» з заклікамі да «праваслаўнага джыхаду» у стастусах.

Фактам застаецца, што школьнікі менавіта з Віцебшчыны такі ўдзельнічалі ў трэніровачным лагеры ў Расіі пад кіраўніцтвам неанацыстаў і ўдзельнікаў баёў у Данбасе. Нехта ж іх туды адправіў, не самі яны паехалі.

Дарэчы, адзін з галоўных «герояў» нашай публікацыі — Аляксей Мільчакоў — пракаментаваў у інтэрнэце артыкул «Нашай Нівы». 

«Так-так. Усё так і было. На зборы 23 верасня прыедуць мінімум 3 ВПК [ваенна-патрыятычныя клубы] з РБ. А вы ў сеціве пішыце», — напісаў Мільчакоў і абяцаў «неўзабаве прыехаць у Беларусь адпачыць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?