Сёння ў Мінску ў рамках 8-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе адбылася сустрэча паміж «Крумкачамі» і мінскім «Дынама».

21:24

Такога, мабыць, не чакаў ніхто. Гледачы вельмі задаволеныя. Гульцоў «Крумкі» праводзілі з поля працяглым «Малаааайцы!»

21:22

Каля фан-сектара «Дынама» ідзе разбор палётаў паміж гульцамі і фанатамі. Сабралася ці не ўся каманда. Відавочна, абмяркоўваюць, што рабіць далей і як жыць з такой гульнёй.

21:19

Разгром! «Крумкачы» перамагаюць у суперпрынцыповай сустрэчы мінскае «Дынама» з лікам 4:1. Можна быць упэўненым, што пасля такіх матчаў колькасць гледачоў на трыбунах будзе толькі расці.

21:15

Што гэта робіцца! 4:1 «Крумкачы» ўжо дакладна афармляюць перамогу ў сустрэчы. Забіў Яўген Шыкаўка. Не дарма яго так прыгожа сустракалі заўзятары.

21:11

Падселі «Крумкачы». Усё ж сказваецца фізічны ўзровень падрыхтоўкі футбалістаў. Адбіваецца ад атак «Крумка». Каля пяці хвілін застаецца да канца гульні.

21:09

Вельмі агрэсіўна паводзяць сябе фанаты «Дынама». «Ад…сі ў бела-сініх» чуецца ад іх. Трыбуны з заўзятарамі «Крумкачоў» адказваюць дабрадушна «Эта очань некрасіва!»

Акрамя самой гульні, сапраўднае спаборніцтва адбывалася паміж фанатамі «Дынама» і заўзятарамі «Крумкачоў».

Як гэта было, глядзіце ў відэарэпартажы НН:

21:07

Звычайна ў маі ўласнік «Дынама» Юрый Чыж адпраўляў у адстаўку галоўных трэнераў каманды. Цяпер Чыж у «амерыканцы». Аднак пасля такога матча і з турмы адставіць трэнера могуць.

20:57

Адзін гол «Дынама» адыграла. У свае вароты забіў Сяргей Шчагрыковіч. У яго своеасаблівы дубль — галы ў свае і чужыя.

«Дынама» паддушвае. «Крумкачы» гераічна адбіваюцца і джаляць у контратаках. Брамнік Федарэнка на вышыні.

«Верым. Можам. Пераможам», - масава чуецца з трыбун.

20:52

«Адна сталіца, адзін – клуб», — зноў чуецца з дынамаўскага сектара. «Адзін Дулуб!» – іранізуюць «Крумкачы». Дулуб галоўны трэнер «Крумкачоў».

20:48

«Я яе ўген Шыкаўка» – на матыў славутага хіта Містэра Прэзідэнта «Кока Джамба» сустракаюць выхад на замену гульца «Крумкачоў».

20:44

«Хто не скача, той варона», — спяваюць дынамаўскія фанаты. Заўзятары «Крумкі» толькі ўсміхаюцца. Маўляў, на табло гляньце, хто з нас яшчэ варона.

20:40

Але варта пахваліць дынамаўскіх фанаў. Ужо ў фактычна безнадзейнай для каманды сітуацыі яны працягваюць вельмі хораша падтрымліваць сваіх хлопцаў.

У «Дынама» здарылася апошняя замена. Зубовіча памяняў Роткавіч. Яшчэ 35 хвілін гульні, а замен ужо не засталося.

20:36

Вельмі прыгожы гол афармляюць «Крумкачы». Спачатку Вячаслаў Глеб аддаў мяч на фланг, а пасля атрымаў у адказ пас у цэнтр, упэўнены ўдар Глеба і — 3:0! Нішто сабе!

20:34

На гульні прысутнічае экс-кандыдат у прэзідэнты, лідарка «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч, актыўна топіць за «Крумку».

20:32

Стартаваў другі тайм. У перапынку нехта Канстанцін выйграў аплочаны тур у Францыю.

У «Дынама» другая замена: замест Яроцкага з'явіўся Уладзімір Карыцька.

20:17

Першы тайм сканчваецца атакамі «Крумкачоў». Гледачы задаволеныя тым, як развіваецца матч. Пакуль — 2:0.

У перапынку сярод гледачоў будуць разыграныя білеты ў Парыж.

20:10

Зубовіч меў вельмі перспектыўны момант, але не змог адыграць хоць адзін мяч да перапынку.

Варта адзначыць, што многім гледачам не хапае крэслаў, яны вымушаныя стаяць. Мабыць, больш за 5 тысяч чалавек прыйшло сёння на «Камвольшчык». Надвор'е ўсё яшчэ ўсміхаецца гледачам і футбалістам.

20:05

«Дынама» крыху прыціснула «Крумкачоў». Пачынаюць з'яўляцца моманты ў бела-блакітных. Моцна стрэліў абаронца Наёк, Федарэнка адбіў мяч перад сабой, але нікога на дабіванні не было. Затое ў «Крумкачоў» адкрываецца магчымасць гульні на контратаках. Вячаслаў Глеб можа ўцячы ў перспектыўную атаку.

20:00

Паўгадзіны ўжо адгулялі каманды. Абсалютна не бачна, за кошт чаго «Дынама» будзе адыгравацца.

Трэнер «Дынама» Вук Рашавіч зрабіў ужо першую замену. Поле пакінуў балгарскі легіянер Віктар Генеў, з'явіўся нападнік Глеб Расадкін.

Брамнік «Крумкачоў» Федарэнка ўпэўнена забірае ўсе навесы, што ідуць у яго варатарскую.

Публіка ў «Крумкачоў» вельмі добразычлівая. Пасля такіх гульняў прыхільнікаў у каманды павінна станавіцца болей.

19:52

«Дынама» ўсё яшчэ не можа стварыць ніводнай асэнсаванай атакі. Хаця дзеля справядлівасці скажам, што рэалізацыя момантаў у «Крумкачоў» блізкая да 100%.

Мяч заляцеў на трыбуны, узбудзілася публіка.

19:47

Ды ну нафіг! 2:0! «Крумка» знішчае суперніка. «Дынама» ў поўным шоку, гульцы не разумеюць, што адбываецца.

Другі гол забівае Сяргей Шчагрыковіч, які летась гуляў у «Славіі». Футбаліст укалаціў мяч пад самую перакладзіну.

Мабыць, нават самыя адданыя фанаты «Крумкачоў» не чакалі такога развіцця падзей.

19:43

Гооооооооооол! «Крумкачы» у першай асэнсаванай атацы забіваюць мяч. 1:0! Адзначыўся Сяргей Корсак. Ён у хакейным стылі прапіхнуў мяч у вароты пасля таго як яго не змог зафіксаваць Гутар.

«Наперад, «Крумка», мы з табой», спяваюць трыбуны!

19:39

Можна сцвярджаць, што аншлаг ёсць!

19:38

Пакуль гульня праходзіць без небяспечных момантаў. Кожны ўдалы момант у выкананні «Крумкачоў» суправаджаецца шквалам эмоцый на трыбунах.

19:35

Склады каманд:

«Крумкачы»: Федарэнка, Бацішчаў, Глеб, Іваноў, Калугін, Корсак, С.Шчагрыковіч, Скшынецкі, Талейка, Васілеўскі, Яшын.

«Дынама»: Гутар, Адамавіч, Бангура, Генеў, Габоўда, Яроцкі, Наёк, Астравух, Прамудраў, Жукоўскі, Зубовіч.

19:32

Гульня пачалася. Фан-сектар «Дынама» вельмі прыгожа стаў заўзець за сваю любімую каманду. Заўзятары «Крумкачоў» не дацягваюць да такой падтрымкі.

Дыктар абвяшчае склады на беларускай мове. Праграмкі да гульні таксама зробленыя на нашай мове.

19:30

Асноўная трыбуна занятая гледачамі цалкам. На супрацьлеглай трыбуне месцаў яшчэ хапае, аднак людзі ўсё яшчэ падцягваюцца. Аншлаг сапраўды можа быць.

19:25

Дынамаўцы абвяшчалі глабальную мабілізацыю фанатаў на гульню, аднак пакуль на трыбунах, можа, некалькі сотняў чалавек. Каманды выходзяць на газон. Заўзятары сустракаюць сваю любімую каманду воплескамі, фанаў «Крумкачоў» на стыдыёне непараўнальна болей.

19:22

Гэты матч ужо паспелі ахрысціць як «Хіпстары супраць фанатаў». У «Крумкачоў» няма арганізаванай фанацкай групоўкі, затое клуб за апошні год істотна аброс заўзятарамі. Яшчэ год назад на «Крумкачоў» хадзілі толькі фрыкі, што цікавяцца рэаліямі першай лігі. 

19:17

Прадстаўнікі «Крумкачоў» змаглі стварыць выдатную, сяброўскую атмасферу перад гульнёй. Можна было сфоткацца з маскотам каманды, прысутнічаў клоўн. Была магчымасць забіць мяч у маленькія вароты, за што атрымаць у падарунак бясплатны квас ад «Крыніцы».

Перад пачаткам гульні на полі танец выканалі прыхільніцы «Крумкачоў» самых розных узростаў. Было дастаткова кранальна.

***

Самы славуты клуб сталіцы будзе гуляць супраць аднаго з парушальнікаў спакою ў айчынным футболе. На дадзены момант абодва клубы маюць па 11 пунктаў у турнірнай табліцы. І гэта ў значнай ступені сенсацыя, асабліва што тычыцца «Крумкачоў», бо перад пачаткам сезона многія прадракалі навічкам барацьбу за выжыванне.

«Крумкачы» – разам зможам перамагчы», — спявае гімн клуба гурт Rel1kt. Публіка вельмі прыязна рэагуе на такія спевы. Музыка «Рэлікта» дастаткова цяжкая, але гледачы нават захацелі, каб хіт выканалі паўторна.

«НН» будзе весці анлайн са стадыёна «Камвольшчык». Пачатак гульні а 19:30.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?