Апарат Trilogie, на якім я праходзіў прамянёвую тэрапію, часам ламаўся, і, пакуль яго рамантавалі, пацыентаў «перакідалі» на іншы апарат, часова, пакуль заходняя фірма даставіць у Мінск неабходныя для рамонту дэталі… Зламаны апарат рабіў усім шмат нязручнасцяў: дактарам даводзілася пералічваць дозу апраменьвання, а пацыенты падоўгу знемагалі ў чэргах… Здаралася, што і другі апарат даваў збоі ад перанагрузкі, і гэта была ўжо надзвычайная сітуацыя: ці то чакаць некалькі гадзін, ці то адмаўляцца ад сеансу, што па медыцынскіх паказаннях не вітаецца — прамянёвая нагрузка павінна быць штодзённай, інакш усё лячэнне — дарэмнае…

Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

У адзін з такіх «аварыйных» дзён я заняў чаргу за адным не старым яшчэ чалавекам і пайшоў у самы далёкі кут бальнічнага калідора… Мяне вельмі раздражнялі стукачы і агенты ў чарзе, таму я стараўся адасабляцца… На гэты раз мужчына, які быў перада мной, раптам падняўся і пайшоў следам… Я вырашыў: калі сядзе побач, абкладу яго матам-пераматам і скажу, каб сыходзіў прэч. Але ён не сеў, проста спыніўся. Ён быў такі худы, што трэба было разы тры прайсці міма, каб яго заўважыць… Ён сказаў:

— Пане, прабачце, я баюся падацца навязлівым… Я заўважыў Вас даўно… Вы заўсёды маўчыце, не размаўляеце ні з кім у чарзе … Што выдае ў Вас чалавека самотнага і безабароннага…

Пасля такога ўступу ці павернецца язык аблаяць няпрошанага суседа — я кіўнуў: «Сядайце».

Ён асцярожна — так прысаджваюцца вельмі вінаватыя людзі — апусціў сваё худое, як зімовае дрэва, цела на краёчак лавы… Доўга сядзеў моўчкі і раптам, не паварочваючы галавы, сказаў фразу, ад якой я, ужо ў паўдрымотным стане, імгненна прачнуўся:

— Вясной я хаджу ў лес. І кукую там. І ведаеце — зязюля часта адказвае мне… Сёння ў мяне дзень, калі трэба баяцца тэлефонных званкоў…

Гэта было запрашэнне да стасункаў. Я інтуітыўна адчуў, калі адмоўлюся — вазьму грэх на душу. Спытаў наўздагад:

— Чакаеце вынікаў аналізу?

— Адгадалі, — усміхнуўся сусед і пацікавіўся: — А Вы, прабачце, у якой сферы працуеце?

— У мастацтве …

— О-о! Я вам зайздрошчу. Мастацтва дадзена, каб не памерці ад ісціны. Вось я ўчора тэлефаную свайму калегу і кажу: «Патрэбна дапамога». А ён мне: «Грошай у мяне няма, але магу дастаць цыяністы калій»… Жартаўнік… Ды мне проста пагаварыць… Мы жывём у краіне нефарбаваных ідыётаў, усё перавернута з ног на галаву… Вы як лічыце?.. Асабліва ў адносінах між мужчынам і жанчынай.

— Я лічу, што цыяністы калій — гэта добра, — сказаў я і зразумеў, што паставіў суседа ў тупік, і той доўга маўчаў. Але пасля маўчання ён выдаў такое, што ў мяне варухнулася нейкае няпэўнае падазрэнне: нездарма, відаць, гэты мужык падсеў да мяне. Ён сказаў, уздыхнуўшы перад гэтым:

— Penis — гэта так, для прыгажосці, а лашчыць жанчыну трэба словамі…

— Я згодны з вамі.

Мой сусед узрадаваўся гэтым маім словам, напэўна, вырашыў, што мы — роднасныя душы… З гэтага моманту ён ужо ні пра што ў мяне не пытаўся, гаварыў і гаварыў, а я слухаў і слухаў, бо ўсё, што яго вярэдзіла, ён захацеў выплюхнуць адразу, усё — да кропелькі, здагадваючыся, імаверна, што такога ўдзячнага слухача, як я, наўрад ці ўдасца адшукаць дзе-небудзь… І ў яго ў распараджэнні была цэлая гадзіна, пакуль выйдзе медсястра і выкрыкне прозвішча… Пакліча на эшафот пад прамяні, якія ці то лечаць, ці то забіваюць… Мне здавалася, што самі дактары не ведаюць, што менавіта адбываецца на гэтым ложку, але вераць у лепшае… у адрозненне ад майго суседа, які ўжо не верыў нікому і нічому:

— Я неяк прывёз на сваю дачу адну дзяўчыну, пытаюся ў яе: дзе ты хочаш, каб мы ўз’ядналіся?.. На дыване каля каміна? На лесвіцы? На балконе? На ложку ці канапе?.. А можа, у ваннай?.. Ці ў лес пойдзем, як дзікія звяры?.. «Мне ўсё роўна, выберы тое месца, дзе ты мне заплаціш больш». Тады на ганку, — кажу я.— Можаш нават боты не здымаць… Праз пяць хвілін павёз яе назад на аўтобусны прыпынак, яна пытаецца: «А чаго ты пакрыўдзіўся?» Людзі не разумеюць адно аднаго… Краіна нефарбаваных ідыётаў… Прастытуцыя — не там, дзе ногі рассоўваюць за грошы… Прастытуцыя — там, дзе з цябе робяць ідыёта. Чаму ў нашых начальнікаў твары, быццам заседжаныя мухамі?.. Хлусяць таму што… Чаму ў нас так шмат садзяць у турму чыноўнікаў? Хлусні так шмат, што людзі ўжо заблытваюцца, дзе праўда, а дзе хлусня несусветная… Паведамляюць: падчас арышту ў момант атрымання хабару бізнэсмен такі і такі з’еў адну тысячу даляраў. Я вырашыў паспрабаваць… Тысячу есці не стаў, шкада, а ўзяў адзін даляр… Гэта ж яны аднолькавыя, што сотня, што адзін… Доўга жаваў, з цяжкасцю праглынуў, але зразумеў: за час арышту з’есці тысячу не атрымаецца… Хлусня гэта… Верыць нікому нельга… у мяне склалася ўражанне, што працоўны дзень у міністэрствах пачынаецца нарадамі, на якіх вырашаюць: каго саджаем сёння, а каго — заўтра… Зноў жа — канфіскацыя маёмасці. Гэта пакаранне за злачынства, ці ў дзяржавы казна пустая, і трэба садраць з кожнага, як з дрэннай авечкі хоць воўны клок? Я часта думаю: ад беднасці людзі робяцца горшымі ці лепшымі?.. У нас прынята бедныя калгасы, прадпрыемствы перадаваць багатым гаспадаркам, то бок багатыя павінны падзяліцца з беднымі… Краіна нефарбаваных ідыётаў… Трэба было ісці далей — і бедныя сем’і прымацоўваць да багатых сем’яў, бамжоў — да алігархаў… Адабраць частку палюбоўнікаў ад тупой, але даўганогай цудоўнай бландзінкі, і перадаць іх той непрыгожай бабе, якая ўсё жыццё вымушана цалаваць не мужыка ў ложку, а толькі Бога на іконе ў царкве… Каб усім — пароўну, і тады добрых людзей стане больш, ад галечы людзі шалеюць… Я кажу свайму доктару: гэта не я з’ехаў са шпулек, гэта свет вакол мяне з’ехаў з глузду… Чалавек не вытрымлівае нагрузкі на сваю псіхіку… Асобаў ужо няма. Грэблівыя, слабыя і хітрыя ўжо даўно з’ехалі. Засталіся толькі хворыя, асуджаныя і бандыты. А яшчэ такія, як я — звар’яцелыя ад жаданняў што-небудзь змяніць у Краіне нефарбаваных ідыётаў! Ёсць такая афрыканская краіна Гамбія. Яна занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса — там на ўсю краіну маецца ўсяго адзін вулічны святлафор. Нешта падобное, што нагадвае Гамбію, здарылася і ў нас: рашэнні прымае толькі адзін чалавек, хоць мы маем і парламент, і Савет міністраў, і Канстытуцыйны суд, і Вярхоўны суд… Мы — Гамбія-2… Абсурд… Быць можа, таму ў чыноўнікаў улюбёны выраз: «Дзякуй Богу і дзякуй нашаму Вярхоўнаму жрацу»… Можаце ўявіць сабе такі пасаж: «Дзякуй Богу і дзякуй Бараку Абаму…» Але ёсць рэчы, дзе мы аказаліся прадбачлівымі — панабудавалі кучу стадыёнаў, крытых спартовых збудаванняў і лядовых палацаў. Не сёння-заўтра наляцяць расійскія акупацыйныя войскі — будзе дзе размясціць людзей пры нечаканым нашэсці «зялёных чалавечкаў»… У Піначэта ў Чылі ў момант перавароту быў усяго адзін стадыён. Памятаеце, як ён пакутаваў… І… мучыў іншых… Як вы лічыце, хто з людзей па абодва бакі турэмных кратаў больш вольны: ахоўнік або зняволены?.. Зняволены! У нас больш за ўсё тых, хто, як жартуюць, ідзе ў суд са сваёй вяроўкай і зэдлічкам, каб пасля прысуду ў ката пад шыбеніцай не было лішніх клопатаў… Але шмат і тых адзіночак, хто не просіць літасці ва ўлады — яны настолькі шануюць сваю свабоду, што гатовыя гадамі сядзець у турме!.. Яны з тых, хто нават апошні патрон сабе не пакідае… На жаль, ганарлівых рыцараў супраціўлення засталося так мала… Таму краіна сёння нагадвае карабель, у якога ў шторм сапсавалася рулявое кіраванне… Падаткаў стала — як клапоў у старой канапе… Але фантазія ў гэтых, хто сам стварыў падаткі, — бедная-бедная… Мяне стала гэта раздражняць… Я адважыўся на эксперымент… Усё падаткі, якія прапануе ўлада, — вельмі балючыя… Можна сказаць, здзеклівыя. Напрыклад, на падарунак нявесце ад жаніха… Ды ў яго ж імпатэнцыя здарыцца ў першую шлюбную ноч, калі аглушыць падаткам. Я прыпамінаю, як адзін дэпутат, не памятаю прозвішча, на літару «Х», здаецца, дык ён прапанаваў зняць з рахункаў па дзесяць даляраў ва ўсіх, у каго ёсць мабільны тэлефон… Гэта ж крадзеж… Разбойны напад! Гэта як апераваць без наркозу… Я пасядзеў пару вечароў, падумаў і пайшоў да Вялікага Падатковага Начальніка… З праектам новых падаткаў, якія берагуць нервы… Смешных падаткаў, але вельмі і вельмі дзейсных, напрыклад, падатак на палюбоўніцу. Кожны пабяжыць у падатковую інспекцыю, каб жонка не дазналася… Ці, скажам, падатак на вялікі бюст… Або тым, у каго вага больш за сто кілаграмаў… Давай, сябрук, бегай, скідай лішняе, усім карысць ад такога падатку… Есць шмат — значыць, грошы ёсць. Заплаці за абжорства! Ці еш менш, здаравейшым будзеш… Падатак людзям, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту… Усе адразу пагодзяцца: трэба павысіць пенсійны ўзрост! Або падатак на тых, хто не карыстаецца беларускімі прэзерватывамі, а купляе японскія… На японскіх карцінка прыгажэйшая. Ну і што, што беларускія рвуцца — затое нараджальнасць павышаецца! Зноў жа, усім карысць! Краіне — у першую чаргу… Да культуры трэба прывучаць людзей — шалёны падатак на тых, хто не карыстаецца туалетнай паперай ці не ходзіць на канцэрты класічнай музыкі — у нас залы пустыя… Падатак для састарэлых: дажыў да васьмідзесяці гадоў — плаці за тое, што яшчэ жывы… аддзяч уладзе, што дажыў, — гэта яе заслуга. Падзяліся радасцю, дарагі ты наш доўгажыхар… Вялікі Падатковы Начальнік слухаў мяне вельмі ўважліва, не перабіваў, і я, натхнёны яго ўвагай, пад заслону гутаркі прапанаваў яму самы неверагодны праект… Падатак на аргазмы. Кажу: «Хочаце мець паўтара мільярда даляраў на год? Слухайце. Я падлічыў: штодня ў Белых Трусаў каля двух мільёнаў сукупленняў. Вы ж ведаеце, трусы — яны любяць гэтую справу… Падатак плацяць і мужчына, і жанчына, значыць, чатыры мільёны аргазмаў. У суткі. Па адным даляры калі — атрымліваецца чатыры мільёны даляраў. Штодня. За месяц — сто дваццаць. За год сто дваццаць памнажаем на дванаццаць — адзін мільярд чатырыста сарок мільёнаў даляраў…

Вялікі Падатковы Начальнік — я па вачах бачыў — ачмурэў. Ці то ад сумы, ці то ад маёй геніяльнасці. І задаў пасля доўгага маўчання адно-адзінае пытанне: «А як Вы прапануеце іх лічыць?» «Дык дробязь… Кожнаму, хто дасягнуў паўналецця, ушываецца пад скуру малюсенькі чып… Накшталт кардыёстымулятара… Мы ж мадэрнізуем знішчальнікі, танкі… нельга ж увесь час толькі на вайну працаваць. Вынайсці чып для нашых акадэмікаў — дробязь… Ад чыпа — радыёсігнал, проста на пульт, у падатковую інспекцыю… У канцы года чалавек абавязаны прыйсці ў інспекцыю і заплаціць за задавальненне… Аргазм — гэта прадмет раскошы. Ва ўсім свеце ёсць падаткі на багацце, на прадметы раскошы… Вунь, артыст Дэпард’ё з Францыі пераехаў у Бельгію жыць — шкада развітвацца з грошыкамі… Ці не патрыёт. А трусы — стварэнні бязмоўныя, што гаспадар захоча — куды падзенуцца, будуць плаціць, як міленькія… Вялікі Падатковы Начальнік зноў доўга маўчаў, зусім, мабыць, ашалеў ад маёй вынаходкі — і раптам пытанні адно за адным пасыпаліся з яго, як проса з дзіравага меха:

— Прабачце, а куды вы прапануеце ўшываць гэты ваш лічыльнік?

— Ды не туды, куды вы падумалі. Сучасныя чыпы счытваюць інфармацыю ў любой частцы цела: хваляванне, голас, вібрацыя …

— Але фрыгідныя жанчыны не атрымліваюць аргазму…

— Добры чып зрэагуе проста на задавальненне…

— А як быць з пенсіянерамі?

— Не перажывайце за іх. Пенсіянеры — таксама трусы, ім няма куды траціць грошы — і яны ўсё на «Віягру» спускаюць.

— А як быць з німфаманкамі? Ім ніякай зарплаты не хопіць на падаткі…

— У німфаманак заўсёды багатыя палюбоўнікі…

— Але ж аргазм можна схаваць, прыкінуцца… надурыў чып… Трусы, яны, ведаеце… А як быць з тымі, хто займаецца самазадавальненнем?

Карацей, падатковая — адзінае месца аказалася, дзе мяне не білі… А выслухалі і падзякавалі.

Я спытаў:

— Здаралася, што білі?

— Рознае было… За метро, напрыклад, білі.

— Якое метро?

— Ну, якое ўзарвалі. Пятнаццаць трупаў, тры сотні параненых. Я ехаў у перадапошнім вагоне… Таго самага цягніка на станцыі «Кастрычніцкая». Аглух я пасля гэтага, і, калі пачаўся суд над «падрыўнікамі», пайшоў на іх паглядзець… А потым мне стала настолькі цікава, што я хадзіў у суд як на працу… Краіна нефарбаваных ідыётаў! Нас у гэтай зале трымалі за апошніх крэцінаў. Па-першае, калі ты зладзіў такую бойню — трэба змывацца або залегчы на такое глыбокае дно, што ніякая сабака цябе не вынюхае сто год… А гэтыя — накуплялі гарэлкі і сталі піць. А потым яшчэ па дабаўку вылезлі… Ну які дэбіл паверыць у гэтую брахню. Другое: якая ў іх цікавасць? Вось я бабу на дачу прывёз, у мяне да яе цікавасць… А гэтыя грохнулі жывых людзей за проста так… Па версіі следства — іх інтарэс: дэстабілізацыя абстаноўкі ў Белых Трусах… Ды яны гэтае слова нават вымавіць не маглі як след… Дэстабля… Ну, дурасць гэта… Не было ў іх ніякай цікавасці… як быццам пад Новы год двое дзецюкоў петарду вырашылі падарваць… Краіна нефарбаваных ідыётаў… Далей — больш… Аказалася, яны яшчэ забаўляліся з выбухоўкай і на канцэрце ў Мінску некалькі гадоў таму, і на іх павесілі яшчэ паўсотні параненых ад тэракту на канцэрце. Ва ўсіх пацярпелых былі пашкоджаныя толькі ногі… веерным выбухам … Я два гады прабыў у арміі… Мяне вучылі сапёрнай справе… Каб здзейсніць такі асколачны выбух — толькі па нагах — трэба быць падрыўніком вельмі высокай кваліфікацыі… Краіна нефарбаваных ідыётаў, нам на судзе ўцюхвалі ліпу і думалі, што мы паверылі… нават сваякі забітых пры выбуху ў метро не верылі, і яны не жадалі смерці гэтым дзецям у жалезнай клетцы… Было ясна нават дэбілу: другі выбух — у метро — прыдумалі, каб прыкрыць першы, але дрэнна разлічылі, сунулі сумку пад лаву… Лаўка — вось дзе сабака закапаны… Гэта і адвакаты давялі, і нераўнадушныя людзі ў інтэрнэце… і потым — нельга расстрэльваць людзей, калі яны маўчаць увесь час. Грэх, яны ж не нямыя… Я ўвогуле лічу, што людзі не могуць судзіць іншых людзей, не маюць права, толькі — саміх сябе… Але гэта доўгая філасофія, я баюся, што хутка нас выклічуць у апаратную… Карацей, я ўстаю, падыходжу да міліцыянта-ахоўніка каля жалезнай клеткі і кажу: «Я ведаю, хто падарваў. А гэтых — пусціце, яны не вінаватыя…» Дарэчы, я не выключаю, што іх маглі пакінуць у жывых, выпусціць з турмы і прыдумаць ім якое-небудзь іншае, але таемнае жыццё дзе-небудзь у Афрыцы ці ў Тайландзе, напрыклад… краіна нефарбаваных ідыётаў… Галоўнае — супакоіць грамадскую думку… Міліцыянт каля клеткі падклікае дваіх у цывільным: «Вось тут мужык ведае, хто падарваў». Мяне адводзяць з залы, мірна так, быццам блізкія сябры-таварышы ідуць піва піць… У парк, побач з будынкам суда… Прачнуўся я ў бальніцы, кажуць, знайшлі мяне выпадкова, каля магілы героям грамадзянскай вайны… Білі, у асноўным, па галаве… Калі па целе — сляды б знайшлі, а па галаве — пару гузоў, а слядоў відавочных не відаць… Ішоў чалавек сабе, гуляў па парку, спатыкнуўся, упаў… Вось і ўсё…

Я ўсяго толькі хачу, каб людзей добрых мне не заступалі людзі паскудныя… Усе крычаць: «Дайце дарогу таленту»… А калі гэта талент забіваць? Або паскудзіць? Мне кажуць: «Ты неадэкватны чалавек з мінулага». Дурні. Я — з іх будучыні… Мы ж не рухаемся наперад, мы вяртаемся назад… Краіна нефарбаваных ідыётаў — мы наіўна мяркуем, што мабільны тэлефон і камп’ютар выратуюць нас ад зводу — у Англіі ў Сярэднія вякі пакаранні на плошчах былі накшталт дзён выдачы зарплаты — а сёння лепш? Пакаранні з плошчаў увайшлі ў дом, у школу, у чалавечыя душы — жонка карае мужа, дзіця карае смерцю сваіх маці, бацьку… Хтосьці сказаў нядаўна: я не ведаю, як мы будзем ваяваць у Трэцюю сусветную вайну, але я бачу і адчуваю, што ў Чацвёртай сусветнай вайне мы будзем ваяваць камянямі і палкамі — я таксама бачу і адчуваю… у мяне прафесія вар’ята… я стаў чалавекам, які проста выкідвае апошнюю запалку, калі ўсе астатнія перад гэтым не запаліліся. Я бачу і адчуваю: Бога няма — Бог павінен быў дапамагчы мне, але ён не дапамог. Значыць, яго няма — мы з людзей стварылі Багоў, вялікіх і маленькіх, якія кіруюць намі, але я бачу і адчуваю: Багі не павінны быць падобнымі да людзей…

Пачуўся крык медсястры:

— Трынаццаты, у апаратную!

Ніхто ў чарзе не падняўся, і, калі сястра выклікала «трынаццатага» ў трэці раз, я спытаў: «Гэта не вас выклікаюць?»

Ён ускочыў: «Прабачце, загаманіўся…»

У апаратнай прамянёвай тэрапіі былі вельмі жорсткія правілы: пакуль аднаго пацыента здымаюць з каляскі, пакуль ён апранецца, наступны за гэты час мусіць распрануцца і легчы на яго месца … Час ішоў нават не на хвіліны, а на секунды… Я расшпільваў рэмень штаноў яшчэ ў «прылазніку», на вачах дактароў і медсясцёр… Радыяцыя!..

Я ўвайшоў у залу прамянёвай тэрапіі, калі мой гаманкі сусед яшчэ ляжаў на вазку… Мяне ўразіла маска на яго твары — як у фехтавальшчыкаў. Або ў хакеістаў. Пазней я даведаўся: такі «шлем» толькі для тых, у каго апрамяняюць мозг, каб пазнакі ставіць. У астатніх гэтыя пазнакі малююць проста на целе. Фламастарам. А тыя, у каго пухліна мозгу, у гэтых масках выглядаюць як іншапланецяне, у мяне нават думка мільганула: яны людзі з будучыні, і нехта ў Космасе даслаў іх сюды заўчасна… Ці выпадкова, а цяпер вось, каб выправіць памылку, забірае назад… У Космас…

Мой сусед, апрануўшыся, пайшоў не да выхаду, а да мяне, дакрануўся да каляскі, на якую я толькі што прылёг, быццам да краю труны… Адмахнуўся ад медсястры: «Мне ваша радыяцыя ўжо не пашкодзіць …»

Нахіліўся і ціха сказаў:

— Вясной… Хадзіце ў лес…Кукуйце, вам адкажуць… Вось пабачыце… Я не змагу, мяне ўжо не будзе. У кожнай краіне ёсць свой Чэ Гевара, і кожны Чэ Гевара павінен загінуць. А вы кукуйце… Гэта, ці ведаеце, весяліць душу… Бывайце, пане… Дзякуй, што пагаварылі са мной…»

Медсястра гнала яго прэч, але я паспеў, нібы святар, супакоіць яго: «Кожны чалавек нараджаецца Каралём, і кожны Кароль памірае ў выгнанні… Я абяцаю вам… Вакол майго дома — лес… Можна нават з балкона… Я буду кукаваць… Кожную вясну… А потым мы з вамі сустрэнемся… Там… дамовімся. Мне таксама хочацца расказаць вам пра сябе. Мы з вамі ў нечым падобныя…»

Заінтрыгаваны і здзіўлены, пасля працэдуры я захацеў што-небудзь даведацца пра яго ў сваёй доктаркі. Тая пасля роздумаў адказала на маё пытанне, але з відавочнай неахвотай:

— Мы самі не ведаем, хто ён і адкуль, вялікі сакрэт… Прозвішча ведае толькі дырэктар… На картцы запісаны толькі нумар… шасцізначны, запомніць цяжка, таму мы самі прыдумалі яму мянушку: Трынаццаты…

Я набраўся нахабства і задаў пытанне, на якое лекары анкадыспансера ніколі не адказваюць:

— Якія ў яго шанцы?

Доктар, як ні дзіўна, адказала:

— Горшыя, чым у вас… Нашмат… Гэта ўсё, што я магу сказаць…

Вярнуўшыся дадому, я загнаў машыну ў гараж, але ў дом падымацца мне чамусьці не захацелася… Па дарожцы пайшоў бліжэй да лесу… Склаў далоні, дакрануўся да вуснаў і прашаптаў: «ку-ку»… Усяго адзін раз. Адказ зязюлі пачуў праз дзень… У сне… Гэты сон прысніўся мне пасля чарговага кашмару з тармазамі: ізноў «праваліліся» на хуткасці… На шашы… Я яшчэ не адышоў ад шоку, як побач з маёй машынай прыстыкаваўся раптам чорны джып… нумар знаёмы — СС, спецслужбы… За шыбай на сядзенні кіроўцы я ўбачыў твар чалавека — такога шчаслівага мужчынскага твару я не сустракаў ніколі ў жыцці… Джып тут жа віскнуў і памчаўся дадому, але я да гэтага часу не магу «расшыфраваць» радасць эсэсаўцаў: няўжо ён мог быць шчаслівым ад таго, што я застаўся жывы?.. Ці гэта ўсяго толькі вышэйшая эквілібрыстыка СС: пакараць, не забіваючы. Пакуль. Як папярэджанне… Ці ж усё атрымалася, як і задумвалася — паводле метаду «аператыўнай псіхалогіі» ў Штазі.

* * *

Віктар Дашук. Кінарэжысёр. Народны артыст БССР. Жыве ў Астрашыцкім гарадку. Ён папрасіў нас змясціць адрасы у інтэрнэце (вось тут па спасылках — 1, 2, 3), дзе можна прачытаць іншыя яго творы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?