Аб доме на Пралетарскай, 36, у якім да арышту жыў са сваёй сям'ёй былы мэр Гомеля Віктар Піліпец, ходзяць легенды. Самыя старажытныя з іх кажуць пра фінскія ракавіны, мармуровыя лесвіцы і, вядома ж, залатыя ўнітазы… Але днямі Гомель і ваколіцы абляцела навіна — службовае жыллё скандальна вядомага кіраўніка горада хочуць пусціць з малатка. Новы ўласнік павінен вызначыцца 2 чэрвеня — на гэтую дату прызначаны аўкцыён. Ахвотныя набыць дом да канца мая могуць агледзець яго як звонку, так і знутры. Мы назваліся патэнцыяльнымі пакупнікамі і адправіліся па вядомым адрасе.

Прадстаўнікі КЖРЭУП «Цэнтральнае», на балансе якога знаходзіцца дом, прызначылі сустрэчу адразу і не задумваючыся. Па інтанацыі ў слухаўцы адчувалася — нам радыя. Як высветлілася, ахвотных прыгледзецца да пабудовы бліжэй пакуль не было — мы першыя.

На продаж службовае жыллё былога мэра выставіў фонд «Гомельаблмаёмасць». На сайце арганізацыі паведамляецца, што ў аднапавярховым жылым доме агульнай плошчай 150 метраў квадратных ёсць чатыры жылыя пакоі, два санвузлы, гараж, склеп, сігналізацыя, каналізацыя і іншыя выгоды. Пачатковы кошт лота з маёмасцю і правам арэнды зямельнага надзела на 99 гадоў — 4 541 137 661 рублёў (каля 235 тысяч даляраў).

Пакуль чакаем чалавека з ключамі, вывучаем наваколлі. Нельга сказаць, што з ўзвышша, на якім месціцца дом, адкрываюцца нейкія асаблівыя краявіды, але факт суседства з радавой сядзібай Румянцавых-Паскевічаў ўсё ж такі задае пэўны настрой. За некалькі метраў ад дома — знакаміты Ільінскі спуск, крыху далей — набярэжная Сожа.

— Гаражная брама адчыняецца з пульта, але давайце не будзем мокнуць, пройдзем унутр, — грыміць важкай звязкай ключоў прадстаўніца КЖРЭУП.

У светлым пярэднім пакоі шмат люстэркаў і ўбудаваная шафа. Замест інкруставаных каштоўнымі камянямі пазалочаных люстраў — недарагія свяцільнікі. З парога адразу прапануюць вызначыцца з разуменнем: што ў выпадку куплі застанецца нам, а што забярэ ўласнік — выканкам.

— Усе гэтыя палічкі, люстэрка, — гэтага нічога не будзе, — папярэджвае наш гід.

— А ўбудаваная шафа?

— І шафу таксама дэмантуюць. Але тут ёсць гатовая ніша, так што можаце любыя фасады замовіць самі потым.

У прасторнай гасцінай, сумешчанай з кухняй, — скураная канапа, крэсла, пуф і часопісны столік. Гэта ўсё таксама вывезуць яшчэ да прыезду новых гаспадароў. Затое абяцаюць пакінуць амаль новыя (Віктар Піліпец пражыў у гэтым доме з сям'ёй не больш за паўтара года) мікрахвалёўку, духавую шафу, халадзільнік… Інвентарныя нумары на бытавой тэхніцы нам раяць сцерці растваральнікам.

Інтэр'еры дзвюх спальняў і кабінета — як пад капірку. Ва ўсіх пакоях дыхтоўная мэбля з масіва і шторы з ламбрэкенамі. Цяжка меркаваць пра тое, наколькі тут было ўтульна, калі ў хаце ўжо некалькі гадоў ніхто не жыве.

З гасцінай праз аконныя дзверы прадугледжаны выхад на двор. Распавядаюць, што пры ранейшых гаспадарах тут быў навес з полікарбанату, стаялі каваныя лаўкі і мангал. Зараз нічога гэтага няма.

За домам — невялікі газон і пара пладовых дрэваў, кажуць, з сельгаспасадак у Піліпца была толькі градка з клубніцамі. Галоўнае ўпрыгожванне двара — альпійская горка з самшыту і туй, але сёння на ёй на ўсю моц гаспадараць дзьмухаўцы.

— На гэтым дрэве вельмі смачныя грушы, такія вялікія, жоўтыя, неяк улетку былі тут, каштавала, — распавядае наш правадыр. Яе ўспаміны перарываюць гукі будоўлі. За плотам самазвалы высыпаюць пясок, гудзе вежавы кран… Нейкае ТАА ўзводзіць сабе офіс. Ля процілеглай сцяны з чырвонай цэглы — ціха, тут да самага Сожа раскінуўся прыватны сектар. Мяркуючы па старых бляшаных дахах дамоў, у іх жывуць небагатыя людзі. І толькі праз квартал за высокім плотам хаваецца чыйсьці шыкоўны асабняк. Вось дзе мармуровыя лесвіцы! А можа, нават недзе ўнутры і фінскія ракавіны…

Мясцовыя распавядаюць, што ў апошнія гады нехта ў акрузе інтэнсіўна скупляе зямлю.

— Хто дакладна — невядома, але хтосьці адзін. Відаць, хоча ўсё гэта аб'яднаць, ужо некалькі ўчасткаў скупіў, дамы гэтыя старыя зносіць. Думаю, і гэты купіць, — ківае ў бок рэзідэнцыі экс-мэра сусед, які назваўся Змітром. — А вы хто?

— Мы патэнцыйныя пакупнікі гэтага дома.

— Ого! Так дом добры, бярыце — не думайце. І зямля тут добрая, памятаю, сюды чарназёму не адну машыну вазілі. Але вы ж градкі тут рабіць не будзеце, ды і няма дзе там асабліва, я так зразумеў. Адзінае, што алкашня у гэтым кутку часта трэцца, але вы камеры на плот пастаўце, пару разоў міліцыю выклічаце — і перастануць хадзіць, ну ці знак павесьце «Уезд забаронены», раней вісеў, — на развітанне рэкамендуе мужчына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?