Кампанія Microsoft паведаміла пра продаж бізнэсу сотавых тэлефонаў і брэнда Nokia фінскай кампаніі HMD Global і кампаніі FIH Mobile Limited, якая з'яўляецца даччыным прадпрыемствам тайваньскай Foxconn.

Кампанія Nokia, у сваю чаргу, паведаміла ў сераду пра планы вярнуцца да выпуску мабільных тэлефонаў і планшэтных камп'ютараў. Пра выпуск смартфонаў пад брэндам Nokia у паведамленні кампаніі нічога не гаворыцца. Эксклюзіўныя правы на выпуск тэлефонаў і планшэтаў на бліжэйшыя 10 гадоў будуць прадастаўленыя кампаніі HMD Global.

Microsoft паведамляе, што сума ўгоды склала 350 млн даляраў. Пасля закрыцця ўгоды, што, як чакаецца, адбудзецца ў другой палове 2016 года, каля 4500 супрацоўнікаў пяройдуць да новых працадаўцаў — у FIH Mobile або HMD Global.

Кампанія Microsoft у сваёй заяве паабяцала, што працягне займацца распрацоўкай Windows Phone, а таксама захавае падтрымку смартфонаў Lumia.

Microsoft цалкам набыў мабільны бізнэс Nokia у красавіку 2014 года за 7,2 млрд даляраў. Пасля гэтага кампанія стала паступова пазбаўляцца ад брэнда Nokia. Новыя смартфоны Nokia Lumia у 2014 годзе пачалі называцца Microsoft Lumia. Маркіроўка Nokia засталася толькі на базавых «кнопкавых» мадэлях тэлефонаў.

Тайваньская кампанія Foxconn выпускае тэхніку па замовах іншых кампаній, у ліку якіх — Apple, Dell, Sony і Intel. HMD Global — прыватная кампанія, якая была нядаўна створаная ў Хельсінкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?