Калі мы дамаўляліся на інтэрвію з намесьнікам старшыні Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам, палітык запытаўся, як апранацца. Я з усьмешкай сказаў, што гальштук зусім не абавязковы, на што Янукевіч адказаў: «Дык я амаль заўсёды ў гальштуках». З гальштукаў мы і пачалі размову.

«Самае важнае ў палітычнае кар’еры яшчэ чакае ў будучыні»


«Наша Ніва»: Аляксей, а цябе ўвогуле бяз галь­шту­ка можна ўбачыць?

Аляксей Янукевіч: Па шчырасьці, вельмі рэдка. Калі фармат сустрэч дапускае, што можна быць у гальштуку, то я заўсёды ў ім. Люблю гальштукі, яны мне падабаюцца і я камфортна ў іх сябе адчуваю. Гадоў дзесяць ужо як узяў такі стыль. Але ёсьць такі цікавы момант. На фатаздымку школьнага выпускнога альбому, я адзіны з клясы ня ў строі. А цяпер і сябрам, і родным цяжка ўжо ўявіць мяне бяз гальштука.

«НН»: Ты сябе лічыш маладым палітыкам?

АЯ: Безумоўна. У маім разуменьні, малады палітык — яшчэ фізычна малады чалавек, а зь іншага боку — палітык, у якога ўсё яшчэ наперадзе. Спадзяюся, што і мяне ўсё самае важнае ў палітычнай кар’еры яшчэ чакае ў будучыні. Ішоў 2005 год, я прадстаўляў партыю БНФ на зьезьдзе лідэраў Міжнароднага дэмакратычнага саюзу, які праходзіў у Вашынгтоне. Частка палітыкаў была запрошаная на круглы стол у Белы Дом з удзелам Джорджа Буша. Мяне папярэдзілі, што будзе магчымасьць нават сказаць прамову, я яе падрыхтаваў. Прыйшоў Буш, які сказаў некалькі словаў, а пасьля зьвярнуўся да мяне. Магчыма, ён пазнаў па бел‑чырвона‑белым знаку, а магчыма, яму проста паказалі на мяне, што вось там сядзіць чалавек зь Беларусі. Пазьней Буш запытаўся, колькі мне гадоў. Я адказаў, што 29. Прэзыдэнт ЗША сказаў, што ён у маіх гадах і блізка не дасягнуў такіх вяршынь у палітыцы. Пасьля круглага стала ён зноў падышоў да мяне, паціснуў руку і пажадаў посьпеху ўсяму народу Беларусі.

«Прыйшло адчуваньне, што я ўжо магу кіраваць БНФ»

«НН»: А быць намесьнікам старшыні адной з найстарэйшых беларускіх партый у такім узросьце ня цяжка?

АЯ: Ня цяжка. Мне падаецца, што не ад узросту гэта залежыць, а ад нейкага ўнутранага стану. Нехта і ў 60 гадоў ня будзе здольны кіраваць такой партыяй як БНФ, а іншы і ў 25 будзе на гэтае гатовы. Да мяне два—тры гады таму прыйшло адчуваньне, што я ўжо магу кіраваць БНФ.

«НН»: Гэта значыць, што на наступным зьезьдзе будзеш высоўваць сваю кандыдатуру на старшынства?

АЯ: Гэта залежыць ад таго, хто будзе вызначаны партыйным кандыдатам на прэзыдэнта, але на цяперашні момант я рыхтуюся да вылучэньня на старшыню.

«НН»: У БНФ ты зьяўляесься намесьнікам па інфармацыйна‑ідэалягічнай працы. У чым заключаецца твая праца на такой пасадзе?

АЯ: Лічу, што інфармацыя і ідэалёгія на сёньняшні момант ледзь не стратэгічныя прыярытэты дзейнасьці партыі. Пад маім кіраўніцтвам знаходзяцца наступныя партыйныя камісіі — па грамадзкіх сувязях (піяру), культурніцкая, партыйнага навучаньня і інфармацыйная. Найважнейшай задачай на гэтай пасадзе для сябе я бачу — вярнуць Фронту сапраўднае аблічча, якое цягам апошніх палітычных кампаніяў (гэта было сьвядомае рашэньне) адыходзіла ў цень. Мы не забываліся на свае найважнейшыя, найбольш рэльефныя каштоўнасьці, але мы пра іх не гаварылі. Мы хочам вярнуць грамадзтву асацыяцыю БНФ з нашымі спрадвечнымі каштоўнасьцямі. З уплывовых палітычных сілаў толькі Фронт можа заявіць, што мы за адзіную дзяржаўную беларускую мову, што мы адназначна за ўваходжаньне Беларусі ў NATO, што мы за выхад з саюзнай дзяржавы з Расеяй, што мы за безумоўнае вяртаньне нацыянальных сымбаляў. Шмат хто з палітычных сілаў гатовы гэта падтрымаць, але яны кажуць: «патрэбен для гэтага час» ці «трэба параіцца з народам». Не наважваюцца, карацей.

Першая частка відэа

«БНФ трэба вярнуцца да сапраўднага аблічча»

«НН»: Якія ты бачыш свае галоўныя дасягненьні на гэтай пасадзе?

АЯ: Мне здаецца, што гаварыць пра нейкія асабістыя дасягненьні ўсё ж не зусім карэктна. Бо калі ты працуеш у камандзе, то можна гаварыць пра дасягненьне Партыі. Я чалавек партыйны. Чым ганаруся з таго, што мне давялося рабіць? Я ганаруся тым, што мы здолелі адрадзіць унутрыпартыйны бюлетэнь «Навіны БНФ». Шмат давялося прыкласьці намаганьняў для стварэньня «Моладзі БНФ». «Малады фронт» пачаў жыць уласным палітычным жыцьцём — мы ўпершыню адрадзілі моладзевую партыйную арганізацыю, якой не было некалькі гадоў. Асобна магу вылучыць свой унёсак у прэзыдэнцкую кампанію Аляксандра Мілінкевіча ў 2005‑2006 гадох. Гэта, напэўна, самыя важныя моманты. Хаця, натуральна, штодня шмат працы даводзіцца рабіць. Часам нешта зрабіў і думаецца, што можна было лепш гэта зрабіць. А іншы раз нават пасьля нейкай дробязі адчуваеш задавальненьне, калі бычыш, што зрабіў яе дасканала.

«НН»: А што трэба зрабіць, каб вярнуць партыі БНФ былы аўтарытэт?

АЯ: Як я ўжо казаў, трэба вярнуцца да нашага сапраўднага аблічча. Наша галоўная задача — быць самімі сабой і рабіць тое, у што мы верым. Занадта доўга нашым людзям даводзілася рабіць тое, што мы мусілі рабіць, а ня тое, да чаго ляжала душа. Трэба даць нашым актывістам агітаваць за тыя ідэі, у якія мы насамрэч верым — прасоўваньне нацыянальнай ідэі. Я перакананы, што такая праца павінна нам вярнуць і падвысіць уплыў Фронту ў грамадзтве.

«У Чыжоўцы харошая беларуская мэнтальнасьць»






«НН»: Якімі лёзунгамі і абяцаньнямі ты зьбіраесься прыцягваць да сябе ўвагу жыхароў Чыжоўкі на выбарах?

АЯ: Мы ўпіраемся ў адно і тое ж пытаньне шмат гадоў: што трэба казаць людзям, каб яны захацелі за цябе прагаласаваць, але навошта гэта трэба? Можна адзін ці два разы дамагчыся ад людзей, каб пайшлі й прагаласавалі за цябе, але калі ты ня будзеш зь імі шчырым і будзеш казаць, прыйдзіце і прагаласуйце, раптам нешта зьменіцца і я прайду — на трэці раз мала хто пойдзе. На жаль, калі мы будзем шчырыя, то мусім прызнаць, што ў адной асобнай акрузе такога здарыцца ня можа. Мусіць быць зьмененая агульная сыстэма цалкам. Самае першае, што я зьбіраюся рабіць — быць шчырым. Гэта вельмі цэняць людзі. Нават сярод дэмакратаў хапае людзей, якія нешта гавораць, агітуюць, але самі ў гэта ня вераць. Я зьбіраюся ісьці на выбары і зь лёзунгамі АДС, і зь лёзунгамі партыі БНФ, і, натуральна, са сваімі лякальнымі лёзунгамі.

«НН»: ОК. Дык назаві тры рэчы, якія ты будзеш гэтай восеньню казаць выбарцам.

АЯ: Ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў галоўным пасланьнем будзе кантроль над уладаю, ад БНФ — абарона нацыянальных інтарэсаў, лякальныя — «я нарадзіўся тут і буду жыць тут», то бок я хачу, каб якасьць жыцьця ў Чыжоўцы была лепшай.

«НН»: А якія сёньня галоўныя праблемы турбуюць жыхароў Чыжоўкі?

АЯ: Першая — транспартная, мы жывем адносна далёка ад мэтро, і вялікая праблема — транспарт. Праблема дзіцячых пляцовак у дварах дамоў. Праблема чысьціні чыжоўскага вадасховішча: там паркавая зона, людзі любяць там адпачываць, а вада насамрэч забруджаная. Праблема паліклінік — і дзіцячай, і дарослай, — чэргі, недахоп абсталяваньня. Рамонт дамоў, пабудаваных у 1970‑я. Ёсьць яшчэ мноства больш дробных праблемаў.

«НН»: Ты бачыш канкрэтныя шляхі вырашэньня гэтых праблем?

АЯ: Натуральна. Іх нельга вырашыць нейкім адным прынцыпам. Але па кожнай у нас ёсьць свая праграма, частка была агучаная яшчэ падчас мінулых парлямэнцкіх выбараў. І самае цікавае і прыемнае, што некаторыя праблемы ўдалося вырашыць яшчэ тады. Але я адразу кажу людзям, што я не зраблю за вас гэтую працу. Я магу быць разам з вамі, быць наперадзе гэтага працэсу, але адзін я гэтага не зраблю. Што мне вельмі падабаецца ў Чыжоўцы — гэта вельмі беларускі раён. Там большасьць жыхароў менчукі ў першым пакаленьні, якія толькі пераехалі зь вёсак. Там харошая беларуская мэнтальнасьць, вельмі люблю свой раён.

«Я быў бы добрым кандыдатам на прэзыдэнта»

«НН»: Дык а чаму ўсё ж варта ісьці на выбары, калі частка лічыць, што іх вынікі загадзя вядомыя?

АЯ: Вырашыў ісьці зь дзьвюх прычынаў. Па‑першае, у моманты выбарчых кампаній, нават калі няма сапраўдных выбараў і падліку галасоў, людзі ўсё адно больш цікавяцца палітыкай. Калі ты маеш нешта сказаць, то ты мусіш гэта абавязкова зрабіць. Гэта момант, калі людзі гатовыя нас чуць. Мы абавязаныя ісьці і даносіць сваю пазыцыю ў многіх пытаньнях. Але мы адразу мусім сказаць, што не ідзем на гэтыя выбары, спадзеючыся ўжо цяпер атрымаць уладу. Пакуль гэтая сыстэма існуе, то ніхто нікуды не прашчэміцца. Сыстэма будзе стаяць да апошняга, а пасьля яна проста абрынецца ў адну хвіліну. Гэта сьцяна, у якую трэба біць, біць і біць. Можа, яна пасыплецца і з наступнага ўдару, а можа, толькі з тысячнага. Па‑другое, я проста хачу нагадаць людзям, што ёсьць такі Аляксей Янукевіч, які жыве ў іхным раёне і гатовы ім дапамагчы.

«НН»: Аляксей, каго ты хочаш бачыць адзіным кандыдатам ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2011 году?

АЯ: Ня маю пакуль на гэтае пытаньне адказу. Добрым кандыдатам быў бы Валянцін Голубеў, але ён не нарадзіўся ў Беларусі. Я быў бы добрым кандыдатам, але на момант абвяшчэньня выбараў мне ня будзе 35 гадоў. Зь іншых палітыкаў, хто цяпер на віду, я не магу сказаць, што нехта зь іх быў бы супэрскім кандыдатам. Адна з задачаў партыі БНФ на гэтым этапе — шукаць і знайсьці такога кандыдата.

«Жанюся, не перажывайце»

«НН»: Ведаю, што ты футбольны заўзятар. Цікавісься толькі міжнародным футболам, ці беларускім таксама?

АЯ: Цікаўлюся ўсялякім. Раней любімай камандай была менскае «Тарпэда», цяпер больш падтрымліваю МТЗ‑РІПА. А калі казаць наагул, то зьяўляюся аматарам лёнданскага «Арсэналу». Мне падабаецца іхная манера і стыль гульні, назва і эмблема клюбу, дзе намаляваная гармата (зь дзяцінства маю павагу да зброі), таксама падабаецца іхная бела‑чырвоная форма. Немалаважна, што каманда зь Лёндану, гэта мой любімы горад па‑за Беларусьсю. Цяпер яшчэ дадаўся фактар: Аляксандар Глеб, які гуляе ў аснове «Арсэналу». Пашанцавала нават аднойчы жыўцом паглядзець гульню «Арсэналу» на Эшбэртан Гроўв. Мой знаёмы дэпутат брытанскага парлямэнту пазычыў абанэмэнт на матч, бо сам ня змог пайсьці. Квіткі ж набыць за некалькі дзён да гульні немагчыма, яны раскупляюцца амаль на год наперад. Атмасфэра проста неймаверная, усе трыбуны жывуць гульнёй. «Арсэнал» перамог 3:0, а Глеб выйшаў на замену ў другім тайме.

Другая частка відэа

«НН»: Некалькі разоў ты засьвяціўся пры дубляжу замежных фільмаў на беларускую мову. Дзеля чаго табе быў патрэбен такі досьвед?

АЯ: Перадусім гэта было нешта цікавае. Апроч таго, гэтыя фільмы, дзе я браў удзел у дубляжы, мне падабаюцца асабіста. Гэта ангельская камэдыя «Любоў насамрэч» і «Крымінальнае чытво» Таранціна. Я хачу, каб беларуская мова як мага шырэй прысутнічала ў штодзённым жыцьці. Таму дубляж фільмаў нават быў гонарам для мяне.

«НН»: Жаніцца не зьбіраесься?

АЯ: Натуральна, што зьбіраюся. Больш складанае пытаньне, як хутка. Мяне і Севярынца пастаянна засыпаюць пытаньнямі, калі зьявяцца сем’і, колькі дзяцей будзе. Усё будзе, не перажывайце!

Гутарыў Зьміцер Панкавец

Аляксей Янукевіч
нарадзіўся ў 1976 годзе ў менскай Чыжоўцы. У 1997 скончыў факультэт міжнародных эканамічных адносінаў БДЭУ па спэцыяльнасьці эканаміст‑мэнэджэр. Намесьнік старшыні Партыі БНФ ад 2003.

Фота Юліі Дарашкевіч

Відэа Яраслава Сьцешыка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0