Фота Антона Матолькі.

Фота Антона Матолькі.

Лета ўсё бліжэй, і, калі вы яшчэ не задумваліся аб планах на жнівень, то цяпер самы час. Ад 12 да 14 жніўня на зялёным лузе ля Мірскага замка пройдзе самы атмасферны музычны фэст Беларусі – Mirum Music Festival.

Mirum Music Festival заўсёды цешыў сваіх гасцей складам музыкаў, і гэты год не выключэнне.

Хэдлайнерамі стануць украінскія гурты The HARDKISS і ONUKA, а таксама піянеры брытанскай acid-jazz сцэны Red Snapper.

Гурт ONUKA ўжо выступаў на фестывалі летась, аднак паўтор аднаго з хэдлайнраў стаў своеасаблівай традыцыяй., якая пачалася з Ніно Катамадзэ ў 2014-м і 2015-м гадах.

«Мы былі прыемна здзіўлены рэакцыяй нашых гасцей на выступ ONUKA, ды і самі атрымалі неверагоднае задавальненне, якое хацелася перажыць яшчэ раз. Гэта надзвычайная музыка, якой хочацца дзяліцца зноў і зноў», – каментуе Ягор Захарка, галоўны арганізатар фестывалю.

Украінская група The HARDKISS выступіць у Беларусі ўпершыню. На радзіме калектыў называюць адной з найяскравейшых з'яў музычнай сцэны.

Якаснае гучанне, стыльныя і запамінальныя сцэнічныя вобразы ды надзвычайны сваёй магутнасцю і прыгажосцю голас салісткі робяць сваю справу.

Red Snapper – гэта легенда. Тут мала што можна сказаць, трэба прыязджаць і слухаць. Таксама аб’яўлены цікавы ўкраінскі гурт «Вагоновожатые».

З беларускіх гуртоў анансаваны шматспадзеўны NAVI.

Яны выконваюць неверагодна шчырую і цеплую музыку. Арганізатары ўпэўнены, што мелодыі, тэксты, галасы ўдзельнікаў гурту наўрад ці кагосьці пакінуць абыякавымі.

Як і ў мінулыя гады, госці фестывалю змогуць спыніцца ў адной з гасцініц Міра (браніраваць раім загадзя, бо месцаў мала, а ахвочых шмат) ці ў аграсядзібе. Таксама можна прывезці з сабой намёт або на месцы ўзяць намётавае абсталяванне ў арэнду.

Арганізатары абяцаюць вялікі і разнастайны фудкорт, мноства забаў як для дзяцей, так і для дарослых.

Квіткі на першы, другі ці абодва дні можна набыць на kvitki.by, а таксама без камісіі ў распаўсюднікаў у Мінску (+37529 6365635), Гродне (+37533 6810441) і Брэсце (+37529 6065056).

Цэны на квіткі: за адзін фестывальны дзень 12-е або 13-е жніўня - 200 тысяч рублёў. Квіток на два гэтыя дні разам — 390 тысяч. Увага: гэта цэны толькі на першыя 700 квіткоў. Трэці фестывальны дзень 14 жніўня, Mirum afterparty, — бясплатны. На ім змогуць прысутнічаць госці з любым квітком на папярэднія дні.

Больш падрабязная інфармацыя ў афіцыйных суполках ва vkontakte і facebook, а таксама на сайце фестывалю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0