— Гэта здарылася на тэрыторыі, дзе раней быў вайсковы гарадок. Кажуць, школьнік быў там не адзін, але з кім канкрэтна, не называе, — распавядаюць kp.by жыхары вёскі Новая Гожа Гродзенскага раёна.

Трагедыя здарылася ў сераду вечарам у 17.00. Дзіцячая гульня для 10-гадовага хлопчыка скончылася выклікам хуткай.

Аказалася, што яго сябры знайшлі ў лесе буйнакаліберны патрон і далі яго Андрэю. А ўжо ён кінуў патрон ў бетонную сцяну разбуранага будынка, прагрымеў выбух. Пацярпелага школьніка тут жа даставілі ў аддзяленне рэанімацыі дзіцячай абласной клінічнай бальніцы ў Гродне.

— У дзіцяці дыягназ — выбухная траўма правай кісці з поўным адчляненнем першага пальца і пашкоджаннем цягліц, сухажылляў і сасудзіста-нервовага пучка кісці, множныя дробнакропкавыя раненні скуры твару і сцёгнаў, траўматычны шок, — удакладняе Сяргей Шаршаневіч, афіцыйны прадстаўнік УСК па Гродзенскай вобласці.

У бальніцы адмовіліся каментаваць, як пачуваецца дзіця. Дадаўшы толькі, што ў чацвер днём яго перавялі ў траўматалагічнае аддзяленне.

Эксперты і следчыя працавалі да ночы на месцы надзвычайнага здарэння. Яны выявілі яму, у якой знаходзіліся гільзы рознага калібра, а таксама адзін патрон калібра 7,62 мм са слядамі карозіі.

— У цяперашні час следчыя праводзяць дадатковы агляд месца здарэння з удзелам спецыялістаў, у тым ліку па размініраванні. Прызначаныя судова-медыцынская экспертыза ў дачыненні да пацярпелага, а таксама балістычная і шэраг іншых экспертыз для ўстанаўлення, што выбухнула ў руках. Праводзяцца апытанні знаёмых і сяброў пацярпелага, па выніках якіх будзе прынята працэсуальнае рашэнне, - удакладняюць ў Следчым камітэце.

Андрэй вучыцца ў пятым класе мясцовай школы, дзе яго мама працуе прыбіральшчыцай.

— Пакуль ніякіх каментароў не будзе, — заявіла дырэктар сярэдняй школы.

***

Нагадаем, за два месяцы гэта ўжо другі выпадак, калі дзеці пацярпелі ад выбуханебяспечнага прадмета. У сакавіку трое школьнікаў з Бярэзінскага раёна падарваліся на снарадзе. 7-гадовы Саша і 8-гадовы Вася загінулі, а 10-гадовы Іван трапіў у бальніцу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?