Можна і дзесяць гадоў, перыядычна, праходзіць адно і тое самае месца, але нічога незвычайнага не заўважыць. Аднак, учора, як раз, быў той дзень і час, калі аўтар праходзіў праз сходжанае гадамі месца і ўбачыў гэтую прыгажосць.
У мікрараёне, па вул. Леніна (колішняя Віленская), недалёка ад малочна-кансервавага камбіната, буйна расквітнелі пурпурна-ружовымі кветкамі дэкаратыўныя яблыні. Заўважу, што звычайныя яблыні ў нас ужо заканчваюць квітнець і асыпаюцца. А гэтыя, толькі пачалі квітнець! Такіх яблынь тут налічыў дзевяць.
Прайсці міма, проста так, не мог! Спыніўся, зрабіў колькі здымкаў…
– Першы раз бачу, каб нехта спыніўся і ацаніў гэтую прыгажосць!– чую жаночы голас за спіной. – Усе ж праходзяць міма!
Я, натуральна, пагугліў – што гэта за яблыня, якая квітнее пурпурна-ружовым колерам? Аказваецца, такіх гатункаў, з дзясятак – ад карлікавых да высокарослых. Гэты гатунак, здаецца, «Макамік».
Зрэшты, як аказалася потым, такія яблыні растуць шмат дзе і ў прыватным сектары і квітнеюць гэтак сама буйна пад вокнамі.
Гэтыя дэкаратыўныя яблыні, як сцвярджаюць даведнікі, і ў перыяд пладанашэння будуць глядзецца не менш прыгажэй. Мірыяды чырвоных яблычкаў, велічынёй з вішню!