Лідарка кампаніі «Гавары праўду», экс-кандыдатка на пасаду прэзідэнта Таццяна Караткевіч пракаментавала для «НН» словы колішняга каардынатара яе кампаніі, што ў Мінску было сабрана толькі 14 тысяч подпісаў. Караткевіч лічыць такія абвінавачванні недарэчнымі.

«Я сёння, як і большасць карыстальнікаў фэйсбука, упершыню пабачыла такія заявы і лічбы. Гэта прыклад звычайных апазіцыйных дзеянняў, якія ўносяць яшчэ больш разлад у дэмакратычную супольнасць.

Яраслаў Берніковіч пасля Новага года сышоў з «Гавары праўду». Наколькі я разумею, ён быў пакрыўджаны, незадаволены. Сёння мы бачым, што ён далучыўся да іншай кампаніі, да іншай структуры, якая з’яўляецца канкурэнтам. Мы бачылі, што Яраслаў быў адным з арганізатараў Кангрэсу, што праходзіў у скверы Янкі Купалы.

Я так думаю, што гэта кампанія нагадала Берніковічу, як трэба дзейнічаць, як трэба канкураваць.

Надалей наша тактыка і стратэгія простая: мы кажам і сваім актывістам, і тым, хто пытаецца, што мы не ўступаем ва ўнутрыапазіцыйныя разборкі. На такія рэчы мы не рэагуем, не каментуем і разбірацца ў іх няма сэнсу.

Я ніколі не бачыла такой лічбы 14603 подпісы. Мы разам з Яраславам Берніковічам падавалі подпісы. І я бачыла зусім іншыя лічбы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?