Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абнародавала падрабязнасці справы аб выкраданні чалавека ў Мінску. Пра раскрыццё гэта злачынства сёння паведаміў Следчы камітэт.

Паводле інфармацыі МУС, у Мінску супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі траіх расіян і аднаго беларуса, якія падазраюцца ў выкраданні чалавека. Усе затрыманыя змешчаныя ў ІЧУ.

Пачатак крымінальнай гісторыі быў пакладзены ў мінулым годзе, калі жыхар падмаскоўнага Шчолкава пасварыўся з жонкай і без яе згоды забраў двух малалетніх дзяцей. Спачатку яны з'ехалі ў Чарнагорыю, а затым перабраліся ў Беларусь.

Увесь гэты час жонка расіяніна шукала людзей, якія за буйное ўзнагароджанне маглі б дапамагчы вярнуць дзяцей назад. У пачатку бягучага года на яе просьбу адгукнуліся трое мужчын — двое расіян і адзін беларус.

Ужо да мая найміты выявілі месцазнаходжанне мужа заказніцы. Яго выкраданне адбывалася каля адной з мінскіх школ, дзе мужчына сустракаў дзіця пасля вучобы. Прадставіўшыся супрацоўнікамі міліцыі і прад'явіўшы падробленыя пасведчанні, злачынцы надзелі на пацярпелага кайданкі і разам з сынам павезлі яго на здымную кватэру. Затым, выкраўшы з яго здымнай кватэры другое дзіця, падазраваныя перадалі дзяцей маці.

Пры гэтым выкрадальнікі не адпусцілі мужчыну і патрабавалі ў яго за свабоду 200 тысяч даляраў ЗША. Потым сума выкупу была зніжаная да 100 тысяч. Свае патрабаванні яны падмацоўвалі псіхалагічным ціскам, у тым ліку вывозілі ў лес і пагражалі фізічнай расправай.

Інфармацыя аб магчымым злачынстве стала вядомая міліцыі. У выніку аператыўных дзеянняў і працы аператыўнікаў ГУБАЗіК МУС была выяўленая здымная кватэра, дзе ўтрымлівалі расіяніна. Спецаперацыя па вызваленні закладніка праходзіла пры сілавой падтрымцы спецпадраздзялення МУС «Алмаз». Таксама была затрыманая і жонка пацярпелага.

У дачыненні да падазраваных Фрунзенскім РАСК (Мінска) распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 182 КК (выкраданне чалавека), санкцыя якой прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?