Энцыклапедыю «Культура Беларусі» плануюць выпусціць у электронным варыянце. Аб гэтым паведаміў на прэзентацыі энцыклапедычнага праекта першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі.

Паводле слоў першага намесніка міністра, энцыклапедычныя выданні перажываюць момант абнаўлення і ўсё часцей выходзяць у электронным выглядзе. Шасцітомнае выданне «Культура Беларусі», як плануецца, таксама ўбачыць свет у электронным варыянце.

Ён адзначыў, што на выпуск шасці тамоў энцыклапедыі спатрэбілася сем гадоў. Людзі розных сфер культуры ўнеслі свой уклад у гэты маштабны праект. Выданне стала пераможцам у спецыяльнай намінацыі «За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны» 55-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі».

Як дадаў намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік, з больш як 18 тыс. артыкулаў, якія апублікаваны ў энцыклапедыі, некаторыя ўбачылі свет упершыню. «Гэта выдавецкі праект, у якім шмат гаворыцца аб мастацкай творчасці, аб народнай творчасці Беларусі», — сказаў ён.

Паводле слоў намесніка старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуша Стружэцкага, завяршэнне выпуску энцыклапедыі «Культура Беларусі» з'яўляецца знакавай падзеяй культурнага жыцця краіны, і асабліва прыемна, што прэзентацыя гэтага маштабнага праекта адбываецца ў Год культуры.

Тадэвуш Стружэцкі не выключае, што ў недалёкай будучыні ўзнікне неабходнасць у дадатковым тыражы, паколькі гэта кніга зойме месца настольнай у многіх беларусаў, яна будзе запатрабавана сёння і заўтра.

Першы том энцыклапедыі «Культура Беларусі» ўбачыў свет у 2010 годзе. Кожны з шасці тамоў уключае больш за 2 тыс. 500 артыкулаў. У падрыхтоўцы выдання ўдзельнічаў вялікі аўтарскі калектыў — больш за 600 аўтараў практычна з усёй Беларусі, вядучых беларускіх спецыялістаў і даследчыкаў.

Праект падрыхтаваны ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» пры падтрымцы і ўдзеле Міністэрства інфармацыі Беларусі.

Энцыклапедыя «Культура Беларусі» ўнікальная, аналагаў ёй няма на постсавецкай прасторы. У сацыяльна-значным выданні ў выглядзе энцыклапедычных артыкулаў прадстаўлена ўся культурная разнастайнасць Беларусі, гісторыя культуры краіны і яе сучасны стан, уклад у скарбніцу сусветнай культуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?