Фота: infobank.by

Фота: infobank.by

Эканамічны крызіс сур'ёзна ўдарыў па банкаўскім сектары Беларусі.

Інфармацыя пра тое, што адзін з найбагацейшых польскіх бізнесмэнаў, уладальнік фінансавага холдынгу Getin Лешэк Чарнецкі прадае беларускі «Ідэя Банк», з'явілася на гэтым тыдні ў СМІ Польшчы. У Беларусі яе абвяргаюць, піша ej.by.

Выданне Puls Bisnesu у артыкуле пад назвай «Ідэя» заходзіць на Усходзе» паведамляе, што Лешэк Чарнецкі шукае пакупніка на свой актыў у Беларусі з дапамогай Ротшыльда і ўкраінскай кампаніі FinPoint. «Першыя запыты ўжо адпраўленыя фінансавым установам у Беларусі», — спасылаецца выданне на ананімнага суразмоўцу.

Getin Holding выйшаў на беларускі рынак у 2008 годзе, купіўшы прыкладна за 6 млн даляраў кантрольны пакет невялікага «Самбелбанка». Прыход буйнога інвестара не асабліва адбіўся на становішчы банка на беларускім фінансавым рынку. Новы імпульс беларускі бізнэс Чарнецкага атрымаў у 2012 годзе, калі было прынята рашэнне (і выдзелены адпаведныя інвестыцыі) аб стварэнні і развіцці на базе «Самбелбанка» (у 2013 годзе ён перайменаваны ў «Ідэя Банк») рознічнага банка.

У 2013 годзе Лешэк Чарнецкі за 4,8 мільёнаў еўра купіў у пула міжнародных інстытуцыйных інвестараў Беларускі банк малога бізнэсу і ў 2015 годзе завяршыў яго далучэнне да «Ідэя Банку».

Эканамічны крызіс сур'ёзна ўдарыў па банкаўскім сектары Беларусі, што адбілася, у першую чаргу, на яго рознічным сегменце. Адзін з яго гульцоў, «Дэльта Банк», быў прызнаны ў 2015 годзе банкрутам. У гэтым годзе згортвае сваю дзейнасць чэшскі «Хоўм Крэдыт Банк», які будзе рэарганізаваны ў нябанкаўскую фінансава-крэдытную арганізацыю.

Ацэньваючы сітуацыю ў Беларусі, Getin заявіў у дакладзе, што «макраэканамічныя ўмовы дрэнныя, але адпавядаюць чаканням».

Па выніках першага квартала 2016 года «Ідэя Банк» палепшыў паказчык па чыстым прыбытку і заняў па ім дзявятае месца ў банкаўскай сістэме краіны. Як паведамляюць польскія СМІ, на рашэнне Чарнецкага пазбавіцца ад актываў на ўсходзе (у 2015 годзе Getin Holding прадаў 95% расійскага «Ідэя Банка») могуць уплываць праблемы з рэарганізацыяй яго бізнэсу ў Польшчы.

У топ-200 найбагацейшых прадпрымальнікаў Польшчы-2016, складзеным Forbes, Лешэк Чарнецкі апусціўся з 4 на 6 месца. За год пастаянны ўдзельнік глабальнага рэйтынгу мільярдэраў Forbes страціў большую палову свайго багацця (57,2%), якое складае ўжо каля паўмільярда даляраў. У выніку Чарнецкага няма ўжо і ў новым спісе мільярдэраў Forbes.

У беларускім «Ідэя Банк», у які «Ежедневнік» звярнуўся па каментар, намер Getin Holding па продажы актыву ў Беларусі абвяргаюць.

«Getin Holding, акцыянер ЗАТ «Ідэя Банк», з'яўляецца публічнай кампаніяй, якая мае лістынг на Варшаўскай фондавай біржы. Калі ў Getin Holding маюцца якія-небудзь намеры рэалізаваць свае актывы, то спачатку ён афіцыйна павінен паведаміць на Варшаўскую фондавую біржу, даслаўшы адпаведную інфармацыю. Getin Holding гэтага не зрабіў, значыць, такіх намераў няма», — гаворыцца ва ўзгодненым з матчынай кампаніяй каментары.

Адзначым таксама, што «Ідэя Банк» з 2014 года з'яўляецца ўласнікам мінскага бізнэс-цэнтра «Азімут». Ён быў набыты ў дэвелапера «Юнівест-М».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0