Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка дапоўніў іск да карэспандэнта «Беларускай ваеннай газеты» Уладзіміра Кажэўнікава аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі патрабаваннем аб спагнанні маральнай шкоды.

Паводле слоў праваабаронцы, 70-гадовы журналіст працягвае ганьбіць яго праз сацыяльныя сеткі, што і з'явілася падставай для выстаўлення патрабавання аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды на 99 млн. рублёў. Разгляд справы па сутнасці ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска прызначаны на 9 чэрвеня, паведаміў Судаленка.

Нагадаем, 14 красавіка ён звярнуўся ў суд з грамадзянскім іскам, адказчыкам па якім выступае карэспандэнт «Белорусской военной газеты» і ваеннае інфармацыйнае агенцтва «Ваяр». Заяўнік просіць суд прызнаць несапраўднымі і абвергнуць звесткі, распаўсюджаныя пра яго 10 сакавіка ў артыкуле «Каму выгадна ганьбіць беларускую армію?», у якой Кажэўнікаў, як лічыць Судаленка, у негатыўных і абразлівых тонах ахарактарызаваў яго асобу. Публікацыя тычылася інцыдэнту з уцёкамі двух салдат з размешчанай у Брэсце вайсковай часці з-за дзедаўшчыны. Судаленка выступіў ініцыятарам звароту грамадзян да міністра абароны з патрабаваннем спыніць нестатутныя адносіны ў беларускім войску.

«У дзень папярэдняга слухання справы супраць журналіста той на сваіх старонках у сацыяльных сетках размясціў нататку «Праваабаронца Судаленка ганьбіць Беларусь», дзе ў паклёпніцкай форме беспадстаўна абвінаваціў мяне ў тым, што я ганьбую беларускае правасуддзе, прыніжаю краіну і, з'яўляючыся «бессаромным суцягам», займаюся антыдзяржаўнай прапагандай, — кажа праваабаронца. — На старонцы ў «Жывым журнале» 70-гадовы ветэран, як ён сам сябе называе, у абразлівай форме параўнаў праваабаронцаў з гомасексуалістамі, назваўшы іх лаянкавым словам. Паколькі я ўзначальваю гомельскі цэнтр стратэгічнай цяжбы, гэты выпад я аднёс таксама і да сябе».

Праваабаронца заўважае, што адказчык па яго іску працягвае ганьбіць яго і ў іншых сацыяльных сетках. У прыватнасці на старонках «УКантакце» і «Твітэра» ён размясціў нататку «Цкаванне ветэрана» і піша, што «беларускія неанацысты, шавіністы, русафобы, так званыя «праваабаронцы», іх замежныя заступнікі, выкарыстоўваючы заходнія, украінскія, беларускія апазіцыйныя СМІ і сацыяльныя сеткі, вядуць шалёны пераслед вядомага 70-гадовага рускага журналіста Уладзіміра Кажэўнікава за яго рэзанансны артыкул «Каму выгадна ганьбіць беларускую армію?».

«Распаўсюдзіўшы пра мяне звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і ганяць мае гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, адказчык нанёс мне значную маральную шкоду. Уладзімір Кажэўнікаў наўмысна зняважыў маю чалавечую і грамадзянскую годнасць, пачаўшы фармаваць праз інтэрнэт адмоўны імідж маёй асобы. Я не хацеў праз суд заяўляць прэтэнзіі з прычыны маральнай шкоды, разумеючы, што ваенная газета фінансуецца бюджэтам, гэта значыць фактычна з кішэняў падаткаплацельшчыкаў. Але журналіст не пакінуў мне выбару», — дадаў праваабаронца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?