Актрыса, якая сыграе ролю полацкай князёўны, дагэтуль здымалася ў кіно цалкам аголенай.
22 снежня 2016 года на экраны выйдзе расійскі фільм «Вікінг», які мае ўсе шанцы апынуцца ў цэнтры лёгкага эратычнага скандалу.
Але спачатку колькі слоў пра сюжэт фільма. Яго ведае кожны школьнік, бо стужка заснавана на рэальных гістарычных падзеях. Каля 980 года да полацкай князёўны Рагнеды пасваталіся два браты: кіеўскі князь Яраполк і наўгародскі князь Уладзімір. Рагнеда выбрала першага, а паслам Уладзіміра ганарліва адказала: «Не хачу разуці рабыніча». Паводле тагачасных традыцый, пасля вяселля жонка павінна была сімвалічна зняць абутак са свайго мужа. А Уладзімір быў сынам кіеўскага князя Святаслава і ключніцы Малушы. У адказ Уладзімір захапіў і дашчэнту спаліў Полацк, забіў бацькоў Рагнеды, а яе саму гвалтам узяў у жонкі. Пазней ён заняў Кіеў, забіўшы Яраполка, і стаў вялікім князем.
Ролю Рагнеды ў фільме «Вікінг» выканае 22-гадовая актрыса Аляксандра Борціч. Яна нарадзілася ў 1994 годзе ў Светлагорску. Калі ёй было тры гады, бацькі развяліся. Маці адправілася ў Маскву, пакінуўшы дзяўчынку ў Гродне ў бабулі. У «каралеўскім горадзе» Борціч пражыла да дзесяці гадоў. Потым яе маці ў другі раз узяла шлюб і перавезла дачку ў сталіцу Расіі.
Кар’ера Аляксандры пачыналася няпроста. У тэатральны інстытут яна не паступіла. Дзяўчыну ўзялі ў педагагічны, адкуль яна збегла праз два месяцы. Год Борціч працавала афіцыянткай, а ў 2014 годзе дэбютавала ў псіхалагічнай драме «Як мяне клічуць». Але найбольшая вядомасць чакала яе пасля стужкі «Духless 2» (2015). Здымкі некаторых сцэн праходзілі ў цэнтры Масквы. Па патрабаванні рэжысёра Борціч цалкам распранулася, села на белага каня і праехала па некалькіх цэнтральных вуліцах горада. Фотаздымкі і відэа яе праменаду імгненна разышліся па інтэрнэце.
Для шэрагу беларусаў такая акалічнасць толькі падагрэе інтарэс да фільма. А вось пурытане могуць абурыцца: як гэта Борціч сыграе першую беларускую манахіню? Нагадаю, што каля 1000 года рэальная Рагнеда прыняла пострыг.