Прыборабудаўнічыя кампаніі Беларусі хочуць аб'яднацца ў кластар, які зможа забяспечыць сярэдні заробак 1300 даляраў для 3500 супрацоўнікаў. Арганізатары лічаць, што ў Беларусі ёсць неабходныя перадумовы для стварэння паспяховага інавацыйнага прыборабудаўнічага аб'яднання.

Як вынікае з прэзентацыі кампаніі Apply Logistic Group, якая выступае адным з ідэолагаў стварэння кластара, у Беларусі ёсць усе неабходныя перадумовы для стварэння паспяховага інавацыйнага прыборабудаўнічага аб'яднання: высокі навукова-тэхнічны патэнцыял і адносна высокая культура вытворчасці, нізкі кошт інтэлектуальнай і фізічнай працы. Але больш важна, што ўжо ёсць паспяховыя прыборабудаўнічыя кампаніі, якія пастаўляюць сваю прадукцыю (медыцынскія прыборы, радыёметры, вагавае абсталяванне, датчыкі, вымяральнікі фізічных параметраў і г.д.) у Еўропу, ЗША і краіны Азіі. Дадзеныя кампаніі вядуць актыўную інавацыйную дзейнасць, яны інтэграваныя ў міжнародныя тэхналагічныя ланцужкі. У многіх з іх ёсць уласныя вынаходкі, абароненыя нацыянальнымі і міжнароднымі патэнтамі.

З'яўляючыся рэзідэнтамі кластара, вытворцы прыбораў, з аднаго боку, могуць аказваць адзін аднаму паслугі па распрацоўцы новых прадуктаў або весці сумесныя даследаванні і распрацоўкі, а таксама выступаць партнёрамі ў рамках вытворчай кааперацыі. Умоўна кажучы, адны прадпрыемствы будуць выпускаць канчатковыя вырабы, а іншыя сканцэнтруюцца на вытворчасці камплектуючых. Кластарнае супрацоўніцтва будзе весціся ў рамках сумесных маркетынгавых кампаній на экспартных рынках.

Яшчэ адзін пункт узаемадзеяння — гэта сумесныя закупкі сыравіны, матэрыялаў, камплектуючых. Выступаючы ад імя кластара, вытворцы атрымаюць магчымасці купляць танней, чым працуючы з пастаўшчыкамі па адзіночцы.

Акрамя вытворцаў прыбораў і кампанентаў, паводле задумы арганізатараў, у склад стваранага кластара могуць увайсці кампаніі, якія аказваюць паслугі ў галіне даследаванняў і распрацовак новых прадуктаў, а таксама кафедры тэхнічных ВНУ і навукова-даследчыя інстытуты. У выніку такой інтэграцыі навукоўцы атрымаюць камерцыйныя замовы на даследаванні і распрацоўкі, што павысіць іх кампетэнцыі за кошт рашэння прыкладных навуковых задач, а на бюджэт краіны будзе зніжана нагрузка.

У рамках кластара плануецца стварыць бізнэс-інкубатар, які будзе дапамагаць беларускім інжынерным камандам і навукоўцам, камерцыялізаваць і выводзіць на рынак іх інавацыйныя ідэі і распрацоўкі. Стартапы атрымаюць доступ да вытворчай і лабараторнай інфраструктуры ўжо існуючых прыборабудаўнічых кампаній кластара, а таксама пры жаданні будуць інтэграваныя ў іх тэхналагічныя ланцужкі, што дазволіць маладым кампаніям шмат у чым вырашаць праблемы збыту і выхаду на знешнія рынкі.

Плануецца, што кіраванне кластарам будзе ажыццяўляцца праз раду кластара, якая, у сваю чаргу, будзе вызначаць палітыку і стратэгію развіцця кластара, а таксама вырашаць арбітражныя пытанні, якія ўзнікаюць паміж удзельнікамі кластара.

Па задумах арганізатараў, першапачаткова ў склад кластара ўвойдуць 8—10 паспяховых прыборабудаўнічых кампаній Беларусі. Зараз з удзельнікамі праводзяцца перамовы. Назвы гэтых кампаній стануць вядомыя ўжо ў чэрвені гэтага года. Як вынікае з прэзентацыі, у якасці аднаго з вядучых удзельнікаў бачыцца кампанія «Адані», якая ўжо распрацоўвае, вырабляе і пастаўляе надгляднае і медыцынскае рэнтгенаўскае абсталяванне, аналітычныя прыборы, а таксама сістэмы прамысловага неразбуральнага кантролю. У цяперашні час у «Адані» працуе больш за 450 чалавек, абарот кампаніі складае больш за 20 млн даляраў у год. Да 2020 года ў адпаведнасці са стратэгіяй прадпрыемства планаваная колькасць персаналу складзе каля 800 чалавек, а выручка — 155 млн. Прадпрыемства мае больш за 50 запатэнтаваных вынаходніцтваў. У 2016 годзе «Адані» плануе ўвесці ў эксплуатацыю новы інавацыйна-вытворчы комплекс, будаўніцтва якога вядзецца ў СЭЗ «Мінск».

Як лічаць у Apply Logistic Group, калі атрымаецца ў бягучым годзе зарэгістраваць кластар і выканаць асноўныя арганізацыйныя працэдуры, а таксама запусціць кластараўтваральныя механізмы, то па выніку 2020 года папярэдне плануецца, што сумарны абарот кластара, уключаючы трансфертныя разлікі, складзе 450 млн даляраў, экспарт — 230 млн, падаткі і адлічэнні, зробленыя ўдзельнікамі кластара, — 60 млн. Чакаецца, што да таго часу кластар аб'яднае 30 рэзідэнтаў агульнай колькасцю 3500 чалавек. Сярэдні заробак складзе 1300 даляраў у эквіваленце. Магчымы аб'ём знешніх інвестыцый ацэньваецца ў 100 млн даляраў.

Такім чынам Беларусь атрымае другі пункт росту нацыянальнай эканомікі пасля Парку высокіх тэхналогій, рост ВУП, экспарту і валютнай выручкі, умацаванне нацыянальнага брэнда высокатэхналагічнай краіны. Інавацыйны кластар зможа запаволіць уцечку мазгоў, дзякуючы таму, што моцныя спецыялісты і навукоўцы змогуць рэалізоўваць сябе на радзіме, не звяртаючыся да пераезду ў высокатэхналагічныя краіны, лічаць у Apply Logistic Group.

Акрамя пазіцыі якарных удзельнікаў кластара важна разумець, што малыя кампаніі, якія робяць свае першыя бізнэс-крокі, з аднаго боку, зацікаўлены ў інтэграцыі з паспяховымі інавацыйнымі кампаніямі, з іншага боку, на старце адчуваюць магутную фіскальную нагрузку, незалежна ад таго, ёсць у іх прыбытак ці не. Таму для актывацыі перспектыўных інавацыйных праектаў «неабходны рэжым асаблівага эканамічнага спрыяння», лічаць у Apply Logistic Group. У якасці канструкцыі такога спецрэжыму прапануецца гібрыд фіскальных стымулаў свабодных эканамічных зон і Парку высокіх тэхналогій. Справа ў тым, што асаблівасць прадпрыемстваў, якія вырабляюць інавацыйныя высокатэхналагічныя прыборы, складаецца ў тым, што львіная доля даданага кошту такіх прыбораў ўяўляе сабой нематэрыяльны складнік (выкананне даследаванняў, распрацоўка прадукту, распрацоўка і тэставанне праграмнага забеспячэння, лабараторныя выпрабаванні), астатняя частка даданага кошту — гэта апаратная частка, якая з'яўляецца вынікам матэрыяльнай вытворчасці. А гэта і ёсць сумесь ПВТ і СЭЗ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?