Аляксандр Лукашэнка прыбыў з візітам у Італію, дзе прабудзе да 21 мая. Гэта першая паездка кіраўніка Беларусі ў краіну Еўрасаюза пасля зняцця з яго санкцый. Лукашэнка ўжо не ўпершыню ў Італіі. Ён быў у Рыме і Ватыкане падчас папярэдняй адлігі ў 2009 годзе. Тады разам з беларускім лідарам да Папы Бенедыкта XVI хадзіў Мікалай Лукашэнка, які падарыў пантыфіку рускамоўны буквар.

«НН» склала топ месцаў, дзе Аляксандр Лукашэнка разам з Мікалаем могуць адпачыць у Рыме.

Забаўляльны парк Rainbow MagicLand

За 60 кіламетраў ад Рыма знаходзіцца адзін з найлепшых у Еўропе паркаў забаваў Rainbow MagicLand. Кажуць, што там без праблем можна правесці цэлы дзень. Атракцыёны можна знайсці на любы густы, ёсць і «амерыканскія» горкі, і гонкі на аўтамабілях, выступаюць акрабаты, каскадзёры. Дарослы білет у парк каштуе 35 еўра, дзіцячы – 28.

Віла Баргезэ

Трэці па велічыні парк Рыма, які займае аж 80 гектараў. Яго адметнасць заключаецца ў тым, што дзеці ў ім могуць пагладзіць каней, пакарміць качак, пастасавацца з іншымі жывёламі. У парку таксама багата музеяў, ёсць тэатр, што спецыялізуецца на п’есах Шэкспіра. Кажуць, што з кожным новым прыездам на Віле Баргезэ можна адкрываць усё новыя куточкі і помнікі.

Рымскі заапарк

Знаходзіцца ў паўночнай частцы вілы Баргезэ. Гэта не самы вялікі еўрапейскі заапарк, але адзін з самых прыгожых. Па траве спакойна бегаюць паўлін, ёсць жырафы, львы, макакі, бегемоты, кракадзілы, сланы. Куды абысціся без пінгвінаў, цюленяў. Карацей, самых экзатычных жывёлаў сапраўды хапае. Білет для дарослага каштуе 15 еўра, для дзіцяці да 12 гадоў – 12 еўра.

Лаўка Пінокіа і таты Карлы

Надалёка ад Пантэона па вуліцы Via dei Pastini знаходзіцца славуты цацачны магазін Bartolucci, які інакш рымляне называюць «Лаўкай таты Карла». Амаль усе тавары ў крамцы прысвечаныя славутаму італьянскаму персанажу Пінокіа. Адкрыў магазін італьянскі мільянер Федэрыка Бертола. Ён сцвярджаў, што менавіта Пінокіа даў яму некалі ўпэўненасць у сабе.

Марозіва ў Рыме

Быць у Рыме і не пакаштаваць пасту ці піцу – гэта яшчэ даравальна, а вось не пакаштаваць славутае рымскае марожанае – злачынства. Італьянцы выдумляюць кожны год дзясяткі новых і новых гатункаў гэтага папулярнага ва ўсім свеце ласунку. Раіць нейкія канкрэтныя ўстановы абсалютна бессэнсоўна, бо кожны вытворца скажа, што менавіта ягонае марозіва найлепшае ў Рыме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?