Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу заявіў, што Злучаным Штатам прапанавана сумесна наносіць удары па пазіцыях баевікоў у Сірыі.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што Расія пакідае за сабой права, пачынаючы з 25 мая, у аднабаковым парадку знішчаць у Сірыі атрады, якія не спынілі баявыя дзеянні.
«Мы прапануем ЗША як сустаршыні Міжнароднай групы падтрымкі Сірыі з 25 мая прыступіць да сумесных дзеянняў ВКС Расіі і авіяцыі кааліцыі, якую ўзначальваюць Злучаныя Штаты, па планаванні і нанясенні ўдараў па атрадах «Джабхат ан-нусры», незаконных узброеных фарміраваннях, якія не падтрымліваюць рэжым спынення баявых дзеянняў, а таксама па караванах са зброяй і боепрыпасамі, узброеных атрадах, якія незаконна перасякаюць сірыйска-турэцкую мяжу, выключыць пры гэтым удары па грамадзянскіх аб'ектах і населеных пунктах», — заявіў Шайгу.
Паводле яго слоў, дзякуючы працы расійскага Цэнтра па прымірэнні, на сённяшні дзень дасягнутыя пагадненні аб перамір'і з кіраўнікамі 112 населеных пунктаў у Сірыі.
Ён таксама адзначыў, што дзякуючы намаганням ЗША амаль 140 узброеных фарміраванняў далучыліся да рэжыму спынення баявых дзеянняў.
У той жа час прадстаўнік міністэрства абароны ЗША Джэф Дэвіс, каментуючы паведамленне аб прапанове Расіі, сказаў, што, ва ўсякім разе, пакуль амерыканскія войскі не каардынуюць свае дзеянні з расійскімі вайскоўцамі.
«Мы не атрымлівалі такіх прапаноў. І я магу толькі сказаць, што цяпер мы не супрацоўнічаем і не каардынуем свае дзеянні з рускімі ў Сірыі», — сказаў прадстаўнік Пентагона.
У лютым у Сірыі набыло моц пагадненне аб спыненні ваенных дзеянняў. Умовы перамір'я, як паведамлялася, не распаўсюджваюцца на экстрэмісцкія групоўкі, у тым ліку на «Ісламская дзяржава».