Перамовы Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта Італіі Серджа Матарэла праходзяць у Квірынальскім палацы ў Рыме.

Сустрэча пачалася з афіцыйнай цырымоніі прыбыцця з удзелам ганаровай варты. Пасля сумеснага фатаграфавання і прадстаўлення членаў афіцыйных дэлегацый кіраўнікі дзвюх дзяржаў пачалі непасрэдна двухбаковыя перамовы, якія праходзяць у рабочым кабінеце прэзідэнта Італіі. Як прызнаўся сам Серджа Матарэла, гэта памяшканне не выкарыстоўваецца ў яго паўсядзённай дзейнасці, а прызначана менавіта для асаблівых выпадкаў.

Італія традыцыйна ўваходзіць у лік асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі сярод краін па-за СНД. Наменклатура беларускага экспарту ў гэту краіну ў 2015 годзе налічвала амаль дзве сотні пазіцый. Найбольш запатрабаванымі на італьянскім рынку былі калійныя ўгнаенні, трубы, вырабы з чорных металаў, дубленая скура. Асноўны аб'ём імпарту з Італіі ў 2015 годзе, як і раней, прыпаў на высокатэхналагічныя станкі і абсталяванне, а таксама хімічныя рэчывы і матэрыялы, што не вырабляюцца ў Беларусі, лякарствы і медыцынскую тэхніку.

Нягледзячы на значнае зніжэнне аб'ёму беларуска-італьянскага тавараабароту, у тым ліку пад уплывам знешніх эканамічных фактараў, па выніках мінулага года ён склаў $766,7 млн. У асобныя гады гэты паказчык перавышаў $2 млрд. Абарот паслугамі з Італіяй у 2015 годзе склаў амаль $60 млн.

Сукупныя італьянскія інвестыцыі ў беларускую эканоміку ў мінулым годзе склалі $28,8 млн, з якіх практычна ўсе — наўпростыя. Паводле даных на пачатак 2016 года, у Беларусі дзейнічаюць 204 юрыдычныя асобы, створаныя з удзелам суб'ектаў Італьянскай Рэспублікі.

У Мінску 23 лютага бягучага года праведзены першае пасяджэнне міжурадавай беларуска-італьянскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве і беларуска-італьянскі бізнес-форум.

Традыцыйна актыўна развіваецца і супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. На працягу шэрага гадоў Італія з'яўляецца асноўным партнёрам Беларусі па арганізацыі аздараўлення беларускіх дзяцей. Так, за 1991-2015 гады аздараўленне ў гэтай краіне прайшлі 463,5 тыс. непаўналетніх грамадзян Беларусі. Гуманітарныя арганізацыі Італіі таксама рэалізуюць розныя праекты непасрэдна ў Беларусі.-

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?