Анжаліка Борыс

Старшыні Саюзу палякаў на Беларусі Анжаліцы Борыс пагражае адміністрацыйнае спагнаньне за арганізацыю ў Горадні канцэрту польскага гурту «Lombard». Выступ вядомай польскай каманды быў прымеркаваны да 20‑годзьдзя з дня заснаваньня Саюзу палякаў.

Галоўным арганізатарам імпрэзы зьяўлялася Генэральнае консульства Польшчы ў Горадні, Саюз палякаў на Беларусі выступіў у якасьці аднаго з суарганізатараў.

Роўна тыдзень спатрэбілася гарадзенскай міліцыі, каб прыйсьці да высновы, што мерапрыемства было несанкцыянаванае. Хаця падчас самога канцэрту міліцыянты не прад’яўлялі прэтэнзіяй ані да Анжалікі Борыс, ані да музыкаў, а нават самі зь цікавасьцю слухалі выступленьне гурту «Lombard».

Распавядае Інэса Тодрык, актывістка Саюзу палякаў з Горадні:

«На працягу месяца ўлады адмаўляліся даць памяшканьне для арганізацыі канцэрту. У такім вялікім горадзе, як Гародня, не знайшлося месца, каб зладзіць выступ. Нават польскае консульства спрабавала, але беспасьпяхова. Таму выступ адбыўся на тэрыторыі прыватнай фірмы, каля консульства. На канцэрце былі і міліцыянты, і КДБэшнікі, ніхто ня ўмешваўся, імпрэза адбылася без праблемаў. А цяпер высьвятляецца, што старшыня Саюзу палякаў будзе адказваць за арганізацыю мерапрыемства. Спадзяемся, што гэта будзе штраф, а ня арышт».

Супраць Анжалікі Борыс быў складзены пратакол паводле артыкулу «арганізацыя несанкцыянаванага мерапрыемства», за што Адміністрацыйны кодэкс Беларусі прадугледжвае штраф альбо пазбаўленьне волі да 15 сутак. Дакладная дата суду над Анжалікай Борыс пакуль не вядомая.

Паводле: Дзьмітры Гурневіч, Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0